У Intel новы генеральны дырэктар, які павінен выратаваць кампанію
Кампанія абвясціла пра прызначэнне Ліп-Бу Тана сваім новым генеральным дырэктарам, спрабуючы выйсці з працяглага крызісу, у якім вытворца знаходзіцца ўжо некалькі гадоў. Калісьці лідар галіны, Intel адстала ад большасці сваіх канкурэнтаў.
У Intel паведамілі, што новым генеральным дырэктарам прызначаны даўні тэхналагічны інвестар Ліп-Бу Тан. Раней Тан больш за дзесяць гадоў займаў пасаду генеральнага дырэктара кампаніі Cadence Design Systems, распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння, якое выкарыстоўваецца ўсімі асноўнымі вытворцамі чыпаў, уключаючы Intel.
У Intel адзначылі, што пад яго кіраўніцтвам Cadence Design Systems прайшла праз «пераасэнсаванне кампаніі». Тан таксама з’яўляецца адным з заснавальнікаў і кіраўнічым партнёрам венчурнага фонду Walden Catalyst Ventures, які інвестуе ў паўправаднікі, штучны інтэлект, воблачныя і іншыя перадавыя тэхналогіі.
Тан зменіць часовых су-генеральных дырэктараў Дэвіда Зінснера і Мішэля Джонстана Холтхауса, якія ўзначалілі кампанію ў снежні пасля сыходу папярэдняга генеральнага дырэктара Патрыка Гэлсінгера. Прызначэнне Тана завяршае «хаатычны перыяд» у гісторыі Intel, паколькі інвестары аказвалі ціск на кампанію з мэтай скарачэння выдаткаў.
Перад новым генеральным дырэктарам стаіць надзвычай складаная задача задача — аднавіць Intel, якая ў значнай ступені ўпусціла як рэвалюцыю мабільных вылічэнняў, так і тэхналогіі штучнага інтэлекту, саступіўшы дамінаванне такім канкурэнтам, як Qualcomm і Nvidia. У апошнія месяцы хадзілі чуткі пра магчымасць паглынання Intel, бо яе будучыня выглядала няпэўна.
Тан стане чацвёртым пастаянным генеральным дырэктарам Intel за сем гадоў. Пасля адстаўкі Браяна Кржаніча ў 2018 годзе, якая была звязаная з раскрыццём інфармацыі пра яго непрымальныя адносіны з супрацоўніцай, у студзені 2019 года кампанію ўзначаліў Боб Суон. Ён пакінуў пасаду праз два гады пасля шматлікіх няўдач у канкурэнтнай барацьбе і затрымак з выпускам чыпаў. У 2021 годзе яго змяніў Гэлсінгер.
Гэлсінгер прыйшоў з амбіцыйным планам па трансфармацыі бізнесу Intel, каб кампанія вырабляла чыпы не толькі для сябе, але і для іншых кампаній, стаўшы кантрактным вытворцам. Аднак агульная выручка Intel ад прадукцыі працягвала зніжацца, і інвестары выказвалі занепакоенасць значнымі капітальнымі выдаткамі, неабходнымі для такой маштабнай вытворчасці чыпаў.
Читать на dev.by