У распрацоўшчыкаў вайбкодынгавых інструментаў праблема: яны вельмі стратныя
У лютым стартап Windsurf, які распрацоўвае ШІ-асістэнтаў для кодэраў, збіраўся прыцягнуць інвестыцыі пры ацэнцы ў $2,85 млрд, але ўгода сарвалася. У красавіку стартап хацеў прадацца OpenAI прыкладна за тую ж суму — $3 млрд, але і гэтая ўгода правалілася. Паводле суразмоўцаў TechCrunch, нягледзячы на ўвесь шум вакол ШІ-асістэнтаў для кодынга, рабіць іх можа быць надзвычай нявыгадна.
У вайбкодынгавых кампаній у цэлым і Windsurf у прыватнасці можа быць настолькі дарагая структура, што валавы прыбытак у іх «вельмі адмоўны», распавяла крыніца выдання, блізкая да стартапа. Гэта значыць эксплуатацыя прадукту каштуе значна больш за тыя цэны, якія могуць дазволіць сабе выставіць кліентам распрацоўшчыкі.
Прычына ў тым, што карыстацца вялікімі моўнымі мадэлямі ў рэальнасці вельмі дорага. На вайбкодынгавыя стартапы ціснe і тое, што ім трэба пастаянна падключаць самыя апошнія, перадавыя і дарагія мадэлі, бо яны пастаянна ўдасканальваюцца ў напісанні кода і спадарожных задачах накшталт адладкі. Ціснe таксама жорсткая канкурэнцыя на рынку інструментаў для вайб-кодынга і асістэнтаў-праграмістаў — у Cursor ад Anysphere і GitHub Copilot ужо прыстойныя карыстальніцкія базы.
Найкарацейшы шлях да павышэння рэнтабельнасці для вайбкодынгавых стартапаў — рабіць уласныя мадэлі, каб знізіць залежнасць ад вендараў накшталт Anthropic і OpenAI. «Гэта вельмі дарагі бізнес, калі вы не займаецеся распрацоўкай мадэляў», — адзначаюць суразмоўцы TechCrunch.
Але і тут ёсць свае рызыкі. У Windsurf ад гэтай ідэі адмовіліся таму што… дорага. А тым часам партнёры Anthropic і OpenAI ужо сталі канкурэнтамі — дакладней, іх ШІ-асістэнты Claude Code і Codex.
Читать на dev.by