У Трампа ёсць «рубільнік» інтэрнэта Еўропы. І Еўропа не зможа нічога зрабіць
Вяртанне Дональда Трампа ў Белы дом і развязаная ім гандлёвая вайна з усім светам узмацніла асцярогі еўрапейскіх палітыкаў і тэхнабізнэсу: у ЗША, па сутнасці, ёсць рычаг для адключэння Еўропы ад лічбавай прасторы. Усё з-за амаль поўнай залежнасці ЕС ад амерыканскіх воблачных платформаў, піша Politico.
Amazon, Microsoft і Google кантралююць больш за дзве траціны еўрапейскага рынку воблачных вылічэнняў. Гэтыя сэрвісы — лічбавая аснова сучаснага свету: на іх завязана ўсё ад відэастрымінгу і пошты да дзяржкамунікацый і прамысловасці. І калі амерыканская адміністрацыя захоча скарыстацца гэтым уплывам, Еўропа можа застацца без ключавой інфраструктуры.
А «што калі» становіцца рэальнасцю
Нагода для турботы з’явілася яшчэ вясной. У маі Карым Хан, галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда, страціў доступ да сваёй працоўнай пошты — яна была размешчана ў Microsoft. Гэта адбылося пасля таго, як ЗША ўвялі санкцыі супраць яго за выдачу ордэраў на арышт ізраільскіх чыноўнікаў. Microsoft адмовілася ўдакладняць, ці адключала яна доступ самастойна, спаслаўшыся на «агульную палітыку адпаведнасці заканадаўству».
«Больш нельга спадзявацца на тое, што ЗША будуць з намі,» — заявіў нямецкі еўрадэпутат Матыяс Эке. Па яго словах, ёсць рэальная рызыка, што амерыканская адміністрацыя абмяжуе доступ да дадзеных або інфраструктуры.
Кіраўнік французскага воблачнага правайдэра OVHcloud, Бенжамен Рэўкалеўскі параўнаў сітуацыю з кранам з вадой: «Воблака — як водаправод. Што калі аднойчы яго перакрыюць?»
Сцэнар адключэння выглядае радыкальным, але больш ніхто не лічыць яго немагчымым. Эканаміст і прафесар Універсітэцкага каледжа Лондана Крысціна Кафарра задаецца пытаннем: калі адносіны абвастрацца, наколькі рэальна, што нават самыя лаяльныя амерыканскія кампаніі змогуць супрацьстаяць загаду свайго прэзідэнта?
У красавіку прэзідэнт Microsoft Брэд Сміт прызнаў, што асцярогі еўрапейцаў цалкам абгрунтаваныя. Ён назваў верагоднасць адключэння «надзвычай малаверагоднай», але пацвердзіў, што Microsoft уключыць у кантракты з дзяржзаказчыкамі ЕС абавязацельства не спыняць паслугі і будзе юрыдычна аспрэчваць такія загады. У чэрвені Microsoft таксама прэзентавала новыя меры для ўмацавання даверу, уключаючы функцыі кантролю над размяшчэннем дадзеных і узмацненне кантрактных гарантый.
Amazon Web Services пайшла далей — кампанія абвясціла аб стварэнні незалежнай структуры кіравання для свайго «суверэннага воблака» ў Еўропе, каб забяспечыць бесперабойную працу нават у выпадку санкцый. І прадпісвае супрацоўнікам запэўніваць кліентаў, што нават пры міжнародных забаронах кампанія «зробіць усё магчымае», каб захаваць сэрвіс.
План «Б»: суверэнны стэк за €300 млрд
У адказ на растучыя рызыкі Еўропа распрацоўвае стратэгію лічбавай незалежнасці — ініцыятыву EuroStack. Яе мэта — стварыць поўны тэхналагічны стэк: ад дата-цэнтраў і чыпаў да ўласных воблакаў і ПЗ. Праект ацэньваецца ў €300 млрд, падтрымку выказалі ўжо некалькі краін і еўрадэпутатаў. План гучыць так: «Купляй еўрапейскае, прадавай еўрапейскае, інвестуй у еўрапейскае». У рамках ініцыятывы прапануецца ўвесці квоты на закупкі ў дзяржсектары, аддаць прыярытэт лакальным правайдэрам і стварыць спецыяльны фонд падтрымкі.
Але гэта будзе дорага. Эксперты папярэджваюць, што рэальныя выдаткі могуць перавысіць €5 трлн, а хуткага эфекту чакаць не варта.
Паралельна ў Бруселі буксуе абмеркаванне важнага рашэння: новага воблачнага сертыфікацыйнага стандарту, які мог бы даць гарантыю абароны ад амерыканскіх законаў кшталту Cloud Act.
Францыя — яго галоўны прыхільнік — настойвае, што еўрапейскія дадзеныя павінны захоўвацца па-за дасягальнасцю знешняга ціску. Нідэрланды, традыцыйна настроеныя праамерыканскі, доўга выступалі супраць, але пачалі змяняць рыторыку на фоне растучага палітычнага напружання.
«Раней Еўропа слепа верыла, што ЗША заўсёды будуць побач і на нашым баку. Зараз усё інакш», — кажа прафесар Універсітэцкага каледжа Лондана Франчэска Брыа. Як мінімум, Бруселю давядзецца быць гатовым да свету, у якім адзін указ прэзідэнта ЗША можа выключыць палову еўрапейскай інфраструктуры — і ніхто не зможа гэтаму перашкодзіць.
Читать на dev.by