У Twitter могуць узнікнуць праблемы з Meta і Microsoft праз таварны знак Х

Рашэнне пра рэбрэндынг Twitter можа сутыкнуцца з юрыдычнымі складанасцямі, піша Reuters: правы на літару Х у назве ўжо належаць Meta, Microsoft і сотням іншых кампаній.

2 каментарыя

«Можна са 100%-най верагоднасцю сказаць, што на Twitter пададуць у суд на гэтай падставе», — лічыць юрыст Джош Гербен, які спецыялізуецца на абароне таварных знакаў. Ён кажа, што налічыў у ЗША каля 900 дзейных таварных знакаў з літарай Х у самых розных галінах.

Новым лагатыпам — са стылізаваным чорна-белым сімвалам Х — Twitter абзавёўся ўчора.

Уладальнікі таварных марак, якія ахопліваюць назвы брэндаў, лагатыпы і слоганы, што ідэнтыфікуюць тавары, могуць заявіць аб парушэнні сваіх правоў, калі новае лога Twitter падобнае да ўжо занятага настолькі, што карыстальнікі могуць іх лёгка пераблытаць. У такім выпадку кампаніі Ілана Маска могуць прызначыць грашовае пакаранне або ўвогуле забараніць выкарыстоўваць новы лагатып.

Маск патлумачыў, чаму вырашыў пазбавіцца ад назвы і лагатыпа Twitter
Па тэме
Маск патлумачыў, чаму вырашыў пазбавіцца ад назвы і лагатыпа Twitter

Ад 2003 года Microsoft належаць правы на таварны знак X у сферы відэагульняў (яны звязаныя з прыстаўкай Xbox). Meta, якая нядаўна запусціла клон Twitter пад назвай Threads, у 2019 годзе зарэгістравала свой таварны знак X — у выглядзе двух накіраваных унутр стрэлак, белай і блакітнай — у сферах праграмнага забеспячэння і сацсетак.

Зрэшты, Гербен мяркуе, што два тэхнагіганты не стануць выстаўляць прэтэнзіі Twitter, пакуль гэта не будзе пагражаць так званаму марачнаму капіталу, які праяўляецца ў асацыяцыі з брэндам у спажыўцоў.

Падобныя праблемы былі ў 2021 годзе ў Facebook пасля ператварэння ў Meta. Летась яна атрымала пазовы ад інвестфірмы Metacapital і VR-кампаніі MetaX, а яшчэ адзін, праз знак бясконцасці ў лагатыпе, ужо ўладзіла.

Эксперты адзначаюць, што паколькі абараніць адну-адзінюткую літару — тым больш такую папулярную — даволі цяжка, кампаніі могуць рабіць упор на падабенства ў графічным афармленні новага лога Twitter.


Читать на dev.by