Папрасіць прабачэння, раскаяцца, пакрыць шкоду. З'явіліся падрабязнасці ўказа пра вяртанне беларусаў

54 каментарыя

Лукашэнка падпісаў указ пра стварэнне камісіі для працы з ахвотнымі вярнуцца ў краіну беларусамі. Тэлеграм-канал Пул першага апублікаваў змест дакумента.

Што ва ўказе

  • Указам прадугледжанае стварэнне камісіі, якая будзе разглядаць звароты грамадзян. У яе склад уключаныя кіраўнікі дзяржаўных органаў, парламентарыі і прадстаўнікі грамадскіх структур. Старшынёй будзе генпракурор.
  • У камісію маюць права звярнуцца тыя грамадзяне Беларусі, якія жадаюць вярнуцца на радзіму і якія ўчынілі ў перыяд ад 1 студзеня 2020 года да набыцця моцы ўказам адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай накіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі з магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў.
  • Грамадзяне могуць звярнуцца ў тэрмін да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з даданнем неабходных дакументаў.
  • Пры гэтым дадзеныя асобы мусяць раскаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію пра гатоўнасць пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, пакрыць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак.
  • У выніку разгляду зваротаў грамадзян будуць апавяшчаць пра наяўнасць або адсутнасць у дачыненні да іх адміністрацыйнага працэсу, узбуджанай крымінальнай справы, а таксама пра магчымасць іх спынення ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам. Рашэнні будуць прымацца камісіяй шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў і афармляцца пратаколамі.
  • Пасля гэтага грамадзяне абавязаныя прыбыць у краіну не пазней за тры месяцы ад даты накіравання камісіяй адпаведнага паведамлення. Пры невыкананні гэтага патрабавання рашэнне камісіі страчвае моц.
  • Адначасова ўказам прадугледжваецца гарантыя таго, што прыняцце любых працэсуальных рашэнняў у дачыненні да грамадзян, якія прыбылі, магчыма выключна са згоды генпракурора альбо асобы, якая выконвае яго абавязкі.

Читать на dev.by