Украінская EPAM дапамагла абсталяваць часовую школу на Мікалаеўшчыне
EPAM Украіна дапамагла стварыць навучальную прастору для больш чым 300 школьнікаў у Альшанскай грамадзе Мікалаеўскай вобласці краіны на базе мясцовага дома культуры, піша dev.ua.
На другім паверсе дома культуры будзе 5 навучальных класаў, а падчас паветраных трывог дзеці і педагогі змогуць працягваць урокі ў падземным памяшканні з гульнявымі зонамі ў сховішчы. На першым паверсе размешчаны адукацыйны цэнтр для пазакласных заняткаў. Тут будзе навукова-даследчы гурток з абсталяваннем для 3D-мадэлявання, робататэхнікі, біятэхналогій і хімічных праектаў. Да стварэння гэтай адукацыйнай прасторы школьнікі ў Альшанскім вучыліся дыстанцыйна з-за складанасцяў з бяспекай і адсутнасці сховішча ў мясцовым ліцэі.
Яго дырэктар назвала новую навучальную прастору вялікай падзеяй, таму што дзеці ўжо чацвёрты год бачаць настаўнікаў і аднакласнікаў праз экраны ноўтбукаў. Афлайн-заняткі забяспечаць сацыялізацыю школьнікаў і дазволяць навучыцца ўзаемадзейнічаць у класе.
Рамонт і абсталяванне навучальных зон пры падтрымцы EPAM абышліся больш чым у $70 тысяч. Акрамя таго, частка работ выконвалася на сродкі грамады. Мясцовыя ўлады плануюць працягнуць рамонт і дадатковае абсталяванне яшчэ некалькіх класаў часовай школы.
«Вайна пазбаўляе дзяцей магчымасці вучыцца ў нармальных умовах. Па дадзеных Міністэрства адукацыі і навукі, больш за 300 школ цалкам разбурана, яшчэ больш за 3700 — пашкоджаны. Гэта не проста лічбы — гэта разбураныя дзіцячыя мары і выклік для будучыні краіны… Магчыма, менавіта цяпер сярод вучняў школы ў Альшанскім — нашы будучыя калегі, тыя, хто будзе ствараць новыя тэхналогіі для аднаўлення і абароны Украіны», — пракаментавалі праект у EPAM Украіна.
Читать на dev.by