Юрыст выявіў 129 спраў з ШІ-фэйкамі — і гэта толькі «вяршыня айсберга»

Эксперт у галіне права Дам’ен Шарлотэн склаў базу даных судовых працэсаў, у якіх бакі выкарыстоўвалі фальшывы юрыдычны кантэнт, створаны штучным інтэлектам.

Пакінуць каментарый

Паводле дадзеных эксперта, юрысты выкарыстоўвалі падробленыя звесткі, згенераваныя ШІ, напрыклад, спасылкі на неіснуючыя справы або цытаты, прынамсі ў 129 судовых працэсах у 12 краінах. У базу былі ўключаныя толькі тыя справы, па якіх былі прыняты афіцыйныя дысцыплінарныя меры або судовыя рашэнні.

Шарлотэн, аналітык юрыдычных даных і выкладчык па ШІ і праве ў École des Hautes Études Commerciales de Paris, адзначае, што гэтыя 129 выпадкаў (10 у 2023 годзе, 37 у 2024 годзе і 73 за першыя пяць месяцаў 2025 года) уяўляюць сабой толькі «вяршыню айсберга». Толькі ў маі гэтага года ў базу трапілі больш за 30 новых выпадкаў.

Большасць інцыдэнтаў адбылася ў ЗША, а таксама ў Вялікабрытаніі, Паўднёвай Афрыцы, Ізраілі, Аўстраліі і Іспаніі. Даныя паказваюць змену ў структуры адказнасці: у 2023 годзе 70% памылак прыпісваліся ўдзельнікам, што самастойна прадстаўлялі сябе ў судзе (pro se), але на май 2025 года прафесійныя юрысты былі вінаватыя як мінімум у 13 з 23 выпадкаў, дзе былі выяўлены памылкі ШІ.

Злоўжыванне ШІ прывяло да сур’ёзных наступстваў: суды ўжылі санкцыі, у тым ліку штрафы ў памеры $10 000 і больш у пяці выпадках, чатыры з якіх адбыліся ў 2025 годзе. Адным з паказальных прыкладаў стала справа з удзелам адвакатаў буйнейшых амерыканскіх юрыдычных фірмаў K&L Gates і Ellis George, якія былі аштрафаваныя на $31 000 за выкарыстанне падробленых спраў з-за непаразумення паміж адвакатамі і адсутнасці праверкі кантэнту, створанага ШІ.

Хоць канкрэтныя інструменты ШІ не заўсёды ўказаныя, ChatGPT часцей за іншыя згадваецца ў базе даных. Суды навучыліся выяўляць «галюцынацыі» ШІ і ўсё часцей гатовыя караць за такія памылкі. Суды адзначаюць, што некаторыя адвакаты, асабліва тыя, хто менш дасведчаны ў тэхналогіях, маюць цяжкасці са складанымі юрыдычнымі даследаваннямі, для якіх часта выкарыстоўваюцца інструменты ШІ, і не заўважаюць памылак.


Читать на dev.by