Паўднёвакарэйскі інтэрнэт-правайдар спецыяльна заразіў вірусам 600 тысяч карыстальнікаў
Адзін з найбуйнейшых тэлекам-правайдараў Паўднёвай Карэі KT Corporation пакараў шкоднікам больш за 600 тысяч сваіх кліентаў за тое, што яны карысталіся торэнтам, піша Tom’s Hardware.
Праблемы пачаліся ў маі 2020 года, калі карыстальнікі завалілі мясцовага воблачнага правайдара Webhard скаргамі на невытлумачальныя збоі. У кампаніі выявілі, што яе служба Grid, заснаваная на аднарангавым пратаколе абмену файламі BitTorrent, была ўзламаная. Усіх скаржнікаў аб’ядноўвала тое, што яны адначасова з’яўляліся кліентамі KT — у іншых інтэрнэт-правайдараў праблем не было. Шкоднік ствараў дзіўныя тэчкі на карыстальніцкіх ПК або хаваў файлы, выводзіў з ладу праграму Webhard, а ў некаторых выпадках — і самі ПК.
Сляды прывялі паліцыю да дата-цэнтра КТ недалёка ад Сеула. Кампанію падазраюць у парушэнні законаў аб абароне таямніцы сувязі і аб інфармацыйна-камунікацыйнай сетцы. Абвінавачанні выстаўленыя 13 асобам, у тым ліку супрацоўнікам KT і падрадчыкам, датычным да шкоднай атакі ў мінулым лістападзе. Расследаванне працягваецца.
KT заявіла, што напрамую заражала кліентаў, якія карыстаюцца службай Grid, бо лічыла яе непажаданай праграмай і мусіла кантраляваць яе.
Гэта не першы канфлікт дзвюх кампаній з нагоды службы. Webhard сцвярджае, што эканоміць дзясяткі мільярдаў вон, дазваляючы кліентам выкарыстоўваць аднарангавы пратакол для перадачы і захоўвання даных замест таго, каб захоўваць іх на серверах. Гэта стварае моцную нагрузку на сетку KT.
Суд стаў на бок KT, пастанавіўшы, што Webhard не плаціла той за выкарыстанне яе сеткі і толкам не тлумачыла кліентам, як працуе Grid. З пазіцыі KT блакаваць трафік Webhard не так ужо і несумленна, але праблема ў тым, што замест блакавання IP-адрасоў яна вырашыла без ведама карыстальнікаў Grid укараніць на іх прылады шкодніка. Большасць пацярпелых — не кампаніі і арганізацыі, а простыя людзі, якія паняцця не мелі, што адбываецца.
Читать на dev.by