У Беларусі хочуць пабудаваць вёску для айцішнікаў
У Жабінкаўскім раёне распрацоўваюць праект вёскі для айцішнікаў. Пра гэта БЕЛТА расказаў старшыня райвыканкама Андрэй Кузьміч.
У самой Жабінцы — горадзе-спадарожніку Берасця — плануюць павышаць інвестыцыйную прывабнасць і ствараць камфортныя ўмовы для бізнэсу.
«Ільготны рэжым падаткаабкладання, наяўнасць свабодных аб’ектаў і ўчасткаў, транспартная даступнасць — усё гэта спрыяе павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці горада і ўсяго Жабінкаўскага раёна. Сёлета прынята рашэнне аб прадастаўленні прэферэнцый юрыдычным асобам, якія з’яўляюцца навукова-тэхналагічнымі паркамі і іх рэзідэнтамі, цэнтрамі трансферу тэхналогій», — звярнуў увагу старшыня райвыканкама.
Мясцовыя ўлады разумеюць ролю пытання з жытлом у прыцягненні высокакваліфікаваных кадраў. Цяпер у Жабінцы рэкорднымі тэмпамі ідзе будаўніцтва шматкватэрнага і індывідуальнага жытла.
«Тэндэнцыі апошніх гадоў дэманструюць павышэнне попыту на жытло, размешчанае ў сельскай мясцовасці. На выбар населенага пункта ўплываюць транспартная даступнасць і блізкасць буйных гарадоў. Жабінкаўскі раён лічыцца экалагічна чыстым рэгіёнам, мае выгаднае геаграфічнае становішча. Гэтыя аспекты робяць наш раён прывабным для рэалізацыі праекта па стварэнні ІТ-вёскі», — упэўнены Андрэй Кузьміч.
Для амбіцыйнага праекта падабралі зямельны ўчастак плошчай 6 га ў межах вёскі Філіпавічы Ленінскага сельсавета. Там могуць размясціцца больш як 30 прыватных дамоў. Месца маляўнічае, піша выданне: з трох бакоў прымыкае лес, побач працякае рака Мухавец, крыху менш за кіламетр да санаторыя «Буг». Адлегласць да Жабінкі складае менш за 10 км, да Брэста — крыху больш за 20 км.
Читать на dev.by