У Беларусі хочуць стварыць аналаг Раскамнагляда

Беларусі ў перспектыве трэба задумацца аб стварэнні аналага Раскамнагляда — асобнага рэгулятара ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый. Пра гэта заявіў міністр інфармацыі Марат Маркаў прапагандысту расійскага тэлеканала Russia Today Канстанціну Прыдыбайлу.

36 каментарыяў

— У Беларусі няма адпаведнай арганізацыі, умоўнага Белкамнагляду, але тое, што яго стварэнне даўно наспела, я ў гэтым не сумняваюся… Так ці інакш мы павінны мець інструменты, якія будуць непасрэдна ўздзейнічаць, як у Расіі праз Раскамнагляд, — сказаў кіраўнік Мінінфарма.

Пра стварэнне Белкамнагляду Маркаў згадаў, расказваючы пра нібыта ўмяшанні карпарацыі Google у мінулыя прэзідэнцкія выбары.

Паводле слоў кіраўніка Мінінфарма, Беларусь накіравала ў Google ліст з прэтэнзіямі, якія тычацца «саўдзелу кампаніі Google у інфармацыйных правакацыях супраць Беларусі і прэзідэнцкіх выбараў у краіне».

Беларускія ўлады, паводле слоў Маркава, хочуць такім чынам «звярнуць увагу карпарацыі на тое, што ідзе зусім канкрэтнае парушэнне заканадаўства», бо ў згаданых «правакацыях» удзельнічаюць «фармаванні, якія прызнаныя ў Беларусь экстрэмісцкімі». 

— Узаемадзеянне Google з падобнага роду «злачыннымі» арганізацыямі прымушае, па-першае, задумацца, а па-другое, вельмі моцна адбіваецца на рэпутацыі Google. Хацелася б, каб яны прынамсі гэта зразумелі для пачатку, а потым прынялі адпаведныя пастановы, — заявіў Маркаў. Пры гэтым ён не ўдакладніў, пра якія правакацыі ідзе гаворка і якое дачыненне да гэтага мае Google.


Читать на dev.by