У Беларусі не блакавалі і ў Еўропе не будзем: Дураў абвінаваціў Францыю ў спробе паўплываць на прэзідэнцкія выбары ў Румыніі
Заснавальнік Telegram Павел Дураў учора выклаў у сваім канале пост, у якім паведаміў, што ўлады адной з заходніх краін патрабавалі ад мэсэнджара абмежаваць распаўсюд кансерватыўных поглядаў у Румыніі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся там жа ўчора.
Прадпрымальнік «катэгарычна адмовіўся» — маўляў, Telegram не стане абмяжоўваць румынскіх карыстальнікаў або блакіраваць іх палітычныя каналы.
«Нельга „абараняць дэмакратыю“, знішчаючы яе. Нельга „змагацца з умяшаннем у выбары“, умешваючыся ў іх. Свабода слова і сумленныя выбары альбо ёсць — альбо іх няма. Румынскі народ заслугоўвае і аднаго, і другога», — адзначыў ён.
Краіну Дураў не назваў, напісаўшы толькі «здагадвайцеся, якую» і дадаўшы эмодзі багета. Перад публікацыяй ён змяніў назву свайго канала на Pavel Durov — раней ён называўся па-французску Du Rove’s Channel.
На абвінавачанні мільярдэра хутка адрэагаваў МЗС Францыі ў X, назваўшы іх фэйкам. У ведамстве абверглі яго «абсалютна беспадстаўныя» словы «нібыта пра ўмяшанне ў прэзідэнцкія выбары ў Румыніі». Таксама падкрэслілі, што Францыя падтрымлівае Румынію з моманту яе далучэння да ЕС і нагадалі пра размяшчэнне свайго кантынгенту там праз пяць дзён пасля пачатку вайны ва Украіне.
Пасля гэтага Дураў таксама ў X зрабіў адкрытую заяву пра Францыю. Паводле яго слоў, гэтай вясной у гатэлі Hôtel de Crillon кіраўнік французскай разведкі Нікаля Лернер запатрабаваў ад Дурава прымусіць замаўчаць румынскіх кансерватараў напярэдадні выбараў. Але атрымаў адмову.
«Мы не блакіравалі пратэстоўцаў у Расіі, Беларусі ці Іране. Мы не будзем рабіць гэтага і ў Еўропе», — адзначыў Дураў. Для чаго ён параўнаў падзеі 2020 года ў Беларусі з цяперашнімі выбарамі ў Румыніі, незразумела.
Пасты Дурава ў сацсетцы Ілана Маска не засталіся без увагі амерыканскага мільярдэра, які актыўна цікавіцца палітыкай.
Нагадаем, у мінулым жніўні Дурава затрымалі ў парыжскім аэрапорце Ле Буржэ. Бізнесмена абвінавацілі ў злачынствах, звязаных з арганізаванай злачыннасцю, саўдзеле ў распаўсюдзе наркотыкаў і дзіцячай парнаграфіі. Яго адпусцілі пад заклад у памеры 5 мільёнаў еўра, а ў сакавіку ён з дазволу французскіх уладаў вярнуўся ў Дубай. У красавіку Дураў раскрытыкаваў французскі ўрад за амаль прыняты законапраект, паводле якога мэсэнджары мусілі б даваць паліцыі доступ да перапісак карыстальнікаў.
Выбары ў Румыніі адбыліся з другой спробы. Першы раз вынікі былі ануляваныя з-за арміі ботаў, якія прасоўвалі ў TikTok ультраправага прарасійскага кандыдата Кэліна Джарджэску, што перамог у першым туры.
Читать на dev.by