Беларускія банкі ўвядуць абмежаванні на зняцце наяўных у банкаматах з картак банкаў-нерэзідэнтаў
Беларускія банкі ад 20 снежня ўвядуць часовыя абмежаванні на зняцце наяўных у банкаматах з карткі банка-нерэзідэнта. Пра гэта паведамляе Нацбанк.
Як заявілі ў Нацбанку, такое рашэнне было прынятае «з улікам аператыўнай інфармацыі, якая паступае ад праваахоўных органаў». Уведзеныя абмежаванні дазволяць знізіць рызыкі «здзяйснення рознага роду супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да грамадзян і юрыдычных асоб».
Паводле рашэння Нацбанка, ад 20 снежня 2024 года да 1 лютага 2025 года зняць наяўныя ў банкаматах беларускіх банкаў з выкарыстаннем карткі, эмітаванай банкам-нерэзідэнтам, можна будзе ў суме, якая не перавышае 25 базавых велічынь (1050 рублёў — ад 1 студзеня 2025 года) на працягу аднаго каляндарнага месяца па адной картцы.
Атрымаць наяўныя грашовыя сродкі, у тым ліку ў суме, якая перавышае 25 базавых велічынь, трымальнік карткі зможа, звярнуўшыся ў касу банка з прад’яўленнем дакумента, які пацвярджае асобу.
Таксама Нацбанк змяніў парадак унясення фізічнымі асобамі наяўных грашовых сродкаў для папаўнення рахункаў у банках.
«Унясенне наяўных грашовых сродкаў праз банкаматы, інфакіёскі, іншыя прылады самаабслугоўвання для папаўнення рахункаў фізічных асоб з дапамогай сістэмы АРІП будзе магчымае толькі з выкарыстаннем карткі альбо іншага плацежнага інструмента, які прадугледжвае ідэнтыфікацыю яго трымальніка», — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.
У Нацбанку дадалі, што таксама аналагічную аперацыю можна будзе здзейсніць у касах банкаў пры выкарыстанні карткі альбо іншага плацежнага інструмента, «які прадугледжвае ідэнтыфікацыю яго трымальніка, а таксама пры прад’яўленні дакумента, які пацвярджае асобу».
Читать на dev.by