У Беларусі заблакавалі доступ да Upwork і двух іншых сэрвісаў

Міністэрства падаткаў і збораў пашырыла спіс замежных інтэрнэт-рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны.

22 каментарыя

Рашэннем ад 18 лістапада МПЗ абмежавала доступ да глабальнай платформы для фрылансераў Upwork, гандлёвай пляцоўкі Etsy (спецыялізуецца на вырабах ручной працы і старадаўніх рэчах і матэрыялах) і e-commerce правайдару Paddle (падае рашэнні для кіравання падпіскамі і аплаты тавараў і паслуг анлайн).

Раней Міністэрства паведамляла, што ад 2024 года мае права блакаваць замежныя электронныя гандлёвыя пляцоўкі, калі яны парушаюць заканадаўства Беларусі, а менавіта завінаваціліся падаткі на суму 3000 БВ (37300 долараў) — незалежна ад таго, ці стаяць яны на ўліку ў падатковых органах РБ, ці не.

Кіруючыся гэтым правам, МПЗ 5 жніўня ўжо абмежавала доступ да сэрвісу па рэзерваванні жытла Airbnb (уключаючы міжнародную і рускамоўную версіі сайта), сайтаў гульнявой карпарацыі Activision-Blizzard (уключаючы гульнявую платформу Battle.net і мабільную Call of Duty), украінскага анлайн-кінатэатра Megogo і нямецкага воблачнага правайдара Hetzner.

Нягледзячы на тое, што МПЗ абяцае хуткае разблакаванне тым, хто выплаціць падаткі і ўстане на ўлік, аніводны забанены ў жніўні сэрвіс не разблакаваны. 

Нагадаем, вясной 2022 года Upwork прыпыніў супрацоўніцтва з кліентамі з Расеі і Беларусі. Аналагічна паступілі Etsy і Paddle.

Wanted. Шукаем фрылансераў у Беларусі, якія працягваюць працаваць на Upwork і/або іншых заходніх пляцоўках. Раскажыце, як вам працуецца апошні час, калі праблемы з доступам і перакладам грошай.

Пішыце нам у бот — гэта ананімна.


Читать на dev.by