У БДТУ будуць вучыць праектаваць дроны
У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце з’явяцца тры новыя спецыяльнасці. Дзве з іх нацэленыя на падрыхтоўку кадраў для ваенна-прамысловага комплексу. У рамках адной з іх спецыялістаў будуць вучыць праектаваць беспілотнікі, а таксама кіраванню імі, паведамілі ў эфіры дзяржтэлеканала СТВ.
— Беспілотная тэхніка трывала ўваходзіць у нашае жыццё: гэта і геаінфармацыйныя тэхналогіі, у галіне Міністэрства лясной гаспадаркі маніторынг лясных масіваў, геадэзія, праектаванне гарадоў, ну і, вядома, функцыянал падвойнага прызначэння.
Мы звярнуліся да вядучых расійскіх ВНУ і зрабілі бесперапынны 5-гадовы план падрыхтоўкі, — расказаў загадчык кафедры палімерных кампазіцыйных матэрыялаў БДТУ Андрэй Каспяровіч.
У 5-гадовым курсе прадугледжана гадавое навучанне ў Казанскім нацыянальным даследчым тэхнічным універсітэце. Такі ж тэрмін навучання і на другую спецыяльнасць ВНУ, дзе будуць рыхтаваць распрацоўшчыкаў пораху, ракетнага паліва і іншых энерганасычаных матэрыялаў.
Выкладчыкамі, акрамя супрацоўнікаў БДТУ, стануць працаўнікі профільных прадпрыемстваў і расійскіх ВНУ. Асноўнымі заказчыкамі кадраў выступяць прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Але спецыялісты змогуць прымяніць свае веды па іншых напрамках.
Паведамляецца, што БДТУ стане першай ВНУ краіны, якая ўвядзе гэтыя спецыяльнасці. План набору на абедзве — 25 чалавек. Для паступлення трэба здаць мову на выбар з ліку дзяржаўных, матэматыку і фізіку. Для падрыхтоўкі спецыялістаў ужо выдзеленыя лабараторыі, цяпер іх аснашчаюць абсталяваннем і тэхнікай.
Читать на dev.by