У EPAM новы сазвон з Добкіным. Ці будзе лепш?
Хоць добрых навін няма, некаторых супрацоўнікаў званок парадаваў.
У беларускім EPAM 21 мая прайшоў агульны сазвон з Аркадзем Добкіным. Яго чакалі — пасля справаздачы за першы квартал, якая паказала падзенне выручкі на 3,8% + дала негатыўны прагноз на год, і адпаведнага выступу CEO EPAM на Earnings Call.
Супрацоўнікі пераказалі нам асноўныя тэзісы і свае ўражанні.
Калі коратка, у параўнанні з канцом года сітуацыя не палепшылася. Ключавая праблема ўсё тая ж: «дэманд не расце». І стабільнасці ў свеце па-ранейшаму няма. Аднак жа, як і раней, EPAM застаецца ў Беларусі.
Вось як наш чытач пераказаў спіч Добкіна:
— Час самы непрадказальны з усіх бакоў. На пачатку 2023 года (магчыма, меўся на ўвазе 2024 год, чытач і мы не ўпэўненыя. — dev.by) мы спадзяваліся на аднаўленне макраэканамічных паказчыкаў. Аднак частка кліентаў знізіла свае патрабаванні, дэманд пачаў змяншацца. Кліенты скарачаюць выдаткі. Прычым у вобласці, дзе трэба будаваць новыя сістэмы. Пра Беларусь: падыход, які мы агучвалі шмат разоў. Ніякай стратэгіі наконт сыходу НЯМА. Мы працягваем працаваць. Калі кліенты пачнуць будаваць новыя сістэмы і пачнуць менш думаць пра скарачэнне выдаткаў, пачнецца рост. На жаль, трэба пачакаць. І на сённяшні дзень цяжка казаць пра планы. А цяпер адказы на пытанні.
У QA-сесіі ад топ-менеджменту супрацоўнікі даведаліся, што:
— скарачэнні ў Беларусі не плануюцца;
— перагляд заробкаў па-ранейшаму замарожаны на нявызначаны тэрмін;
— на бэнчы лепш не сядзець, а вучыцца новаму, пажадана ў галіне AI (кампанія стратэгічна развівае GenAI capabilities);
— працягваецца перанос праектаў у таннейшыя рэгіёны — Індыю і Лацінскую Амерыку, там офісы будуць расці;
Асноўныя пойнты пра сітуацыю ў кампаніі супрацоўнікі і так ведалі з Earnings call. Чаму ж, нягледзячы на прадказальна песімістычнае ўтрыманне спічаў, сазвон некаторых падбадзёрыў?
— Аркадзь Добкін надаў упэўненасці, што EPAM у Беларусі не закрываецца і такіх планаў (або нават размоў) на гэты момант няма. Мяркуючы з размоў калег, усе ішлі на сазвон менавіта за гэтым.
То-бок боязі, што офіс закрыюць, як такіх не было. Але шмат у каго ў галовах лунала (і лунае) думка, што праз геапалітычную сітуацыю такі варыянт магчымы.
Другая нагода для аптымізму — запэўніванні топ-менеджменту, што скарачэнні на капыл леташніх не плануюцца. (Нагадаем, у кастрычніку 2023 года EPAM скараціў 2% штату ў Беларусі, акрамя гэтага, былі кропкавыя звальненні). У кантэксце абвешчанай аптымізацыі гэта ўжо добрая навіна (дажылі!).
— Нават больш гадалі пра скарачэнні, чым пра закрыццё, — кажа чытач. — Закрываць офіс сэнсу няма, бо Беларусь — эканамічна эфектыўная лакацыя, і дагэтуль ёсць кліенты, якія працуюць з ёй.
Іншы супрацоўнік ацаніў пачутыя навіны хутчэй нейтральна.
— Так, страхі не пацвердзіліся, але і паляпшэння становішча пакуль не прадбачыцца, — заўважае ён. — Калі размарозяць зп, невядома, асэсменты праводзяць хутчэй як выключэнне. Людзей, якія прыходзяць з оферамі, не асабліва ўтрымліваюць, у менеджараў і інструментаў цяпер для гэтага няма. Ідзе вялікі набор у Індыю.
Як перадаюць супрацоўнікі, Добкін прапанаваў яшчэ адзін сазвон праз 2-3 месяцы, бо ён «яшчэ пра многае не расказаў».
Читать на dev.by