У ЕС зноў перанеслі запуск новай сістэмы памежнага кантролю
Еўрасаюз зноў адклаў увядзенне новай біяметрычнай сістэмы кантролю ўезду для грамадзян краін, якія не з’яўляюцца сябрамі ЕС. Пра гэта паведамляе Euronews.
Паводле слоў камісаркі ЕС па ўнутраных справах Ільвы Ёхансан, сістэма не запрацуе 10 лістапада, як планавалася. Тры краіны — сяброўкі ЕС прызналіся, што яшчэ не гатовыя да пераходу на новую сістэму. Раней дыпламаты ў Бруселі казалі, што гаворка ідзе пра Германію, Францыю і Нідэрланды.
«У нас таксама ёсць некаторыя асцярогі з нагоды ўстойлівасці сістэмы», — дадала еўракамісарка, прапанаваўшы паэтапны падыход, які дазволіць укараняць EES «крок за крокам».
EES — гэта аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі грамадзян краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз. EES будзе адсочваць уезд і выезд «грамадзян трэціх краін» у Шэнгенскую зону і з яе, замяніўшы неабходнасць штампаў у пашпарце.
Сістэма таксама будзе аўтаматычна выяўляць тых, хто перавысіў ліміт дапушчальнага кароткатэрміновага знаходжання ў Шэнгене (больш за 90/180 дзён).
На практыцы гэта азначае, што калі падарожнікі ўпершыню наведаюць краіну з дзейнай EES, ім трэба будзе зарэгістраваць свае пашпартныя і біяметрычныя даныя, уключаючы адбіткі пальцаў і фота.
Читать на dev.by