У Кітаі пачалі прадаваць лятальныя электратаксі
Кітайскі вытворца кампактных лятальных апаратаў для перавозкі людзей і грузаў EHang запусціў у продаж беспілотнае лятальнае таксі EH216-S на анлайн-пляцоўцы Taobao, піша 3Dnews.
Кошт такога лятаючага таксі складае 2,39 млн юаняў ($332 тысячы). Мадэль абсталяваная 16 вінтамі і здольная перавозіць 2 пасажыраў на хуткасці да 130 км/г на адлегласць да 30 км.
Карыстальнікі могуць пакінуць заказ, і аэратаксі адправяць на працягу 30 дзён. Але кітайскія медыя пішуць, што мадэль ужо разабралі. Колькі апаратаў было ў наяўнасці на складах, ім даведацца не ўдалося.
EH216-S — першы электрычны лятальны апарат з вертыкальным узлётам і пасадкай (eVTOL), які атрымаў сертыфікат бяспекі ад Упраўлення грамадзянскай авіяцыі Кітая. Гэта адбылося ў мінулым кастрычніку і адкрыла шлях да камерцыялізацыі гэтых транспартных сродкаў.
Акцыі EHang на NASDAQ за мінулы год выраслі на 80%, хоць знаходзяцца нашмат ніжэй за пік, дасягнуты ў снежні 2020 года. Акрамя EHang у Кітаі распрацоўкай eVTOL-транспарту займаюцца кампаніі AutoFlight і XPeng.
Патрабаванні рэгулятараў застаюцца адной з асноўных праблем для галіны праз строгія нормы бяспекі, асабліва пры эксплуатацыі такіх аэратаксі ў шчыльнай гарадской забудове, а таксама праз шум. Тым не менш такія распрацоўкі адкрываюць новыя перспектывы для турыстычнага бізнэсу, прапаноўваючы падарожнікам магчымасць аглядаць славутасці з вышыні птушынага палёту.
Читать на dev.by