У Латвіі хочуць закрыць аўтобусныя зносіны з Беларуссю — чакаюць, пакуль скончацца дзеючыя ліцэнзіі
Міністэрства зносін Латвіі жадае знайсці юрыдычнае абгрунтаванне, каб не падаўжаць ліцэнзіі на рэгулярныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі з Латвіі ў Расію і Беларусь, якія скончацца ў першай палове 2026 года. Такое даручэнне было дадзена мясцовай Аўтатранспартнай дырэкцыі (ATD), паведамляе Delfi.
Зараз аўтобусныя пасажырскія перавозкі з Латвіі ў Беларусь выконваюцца па трох маршрутах. Іх ажыццяўляе прадпрыемства Latlines. Яго дазвол на маршрут у Віцебск дзейнічае да 31 студзеня 2026 года, у Мінск — да 26 лютага, у Гомель — да 27 чэрвеня.
Для спынення рэгулярных аўтобусных перавозак у дзве краіны Латвіі патрэбны знешні нарматыўны акт. Пры гэтым калі краіны Балтыі не дамовяцца аб поўным спыненні аўтобусных перавозак у Расію і Беларусь, пасажыры змогуць дабірацца ў Латвію са стыкоўкамі праз Літву і Эстонію, а таксама мікрааўтобусамі да дзевяці месцаў з улікам кіроўцы.
Акрамя таго, з 15 кастрычніка будзе забаронена перасякаць мяжу з Беларуссю праз пункт пропуску «Патэрніекі» пасажырскім перавозчыкам, якія выконваюць міжнародныя нерэгулярныя аўтобусныя рэйсы.
Міністр зносін Латвіі Аціс Швінка раней адзначаў, што сабраныя яго ведамствам дадзеныя паказваюць рост колькасці пасажыраў у аўтобусных перавозках у Беларусь і Расію. Ён падкрэсліў, што гэта ўзмацняе рызыкі бяспекі на знешняй мяжы, таму падрыхтавана нарматыўнае рэгуляванне, якое прадугледжвае абмежаванні на пасажырскія перавозкі ў дзве суседнія краіны.
Читать на dev.by