У Мінгарвыканкаме заявілі, што забараніць мабільныя тэлефоны ў школах людзі прасілі самі і даўно, і цяпер усе задаволеныя
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі пракаментаваў забарону на мабільныя тэлефоны ў школах у эфіры праграмы «Гаворыць і паказвае Мінск» на «Радыё-Мінск».
Па яго словах, да гэтага абмежавання ішлі даўно, і такіх просьбаў паступала вельмі шмат ад бацькоў і настаўнікаў.
«Мы ўбачылі негатыўны ўплыў мабільных прылад на якасць адукацыі. Дзеці адцягваліся, выкарыстоўвалі тэлефоны для забаў. Педагогу даводзілася марнаваць час на тое, каб гэта абмежаваць на ўроку. Дзесьці гаджэты з доступам у інтэрнэт выкарыстоўваліся як шпаргалкі, магчымасць спісаць», — распавёў чыноўнік. Мірыцца з гэтым было нельга: улады зразумелі, што з часам можа моцна прасесці якасць адукацыі. Акрамя таго, па яго словах, з-за мабільнікаў у дзяцей псуецца зрок.
Забарона дзейнічае ўжо месяц, і, мяркуючы па ўсім, усе шчаслівыя (ну амаль), нават дзеці. «Маніторынг, які праводзіць камітэт па адукацыі, паказвае: у цэлым, бацькі, вучні і педагогі аб навацыі адгукаюцца станоўча», — сказаў Стрыгельскі.
Ён адзначыў, што ёсць асобныя незадаволеныя сярод дарослых, але такім бацькам трэба зразумець, што якасць адукацыі напрамую залежыць ад укладу дзіцяці. «Калі ёсць адцягваючы фактар у выглядзе мабільнай прылады, казаць аб добрым засваенні матэрыялу вельмі складана», — падсумаваў чыноўнік, дадаўшы, што лічыць рашэнне правільным.
На мінулым тыдні наконт забароны выказваўся міністр адукацыі Андрэй Іванец. Некаторыя бацькі скардзіліся, што з-за забароны тэхнікі дзецям даводзіцца насіць цяжкія заплечнікі з папяровымі кнігамі. Іванец сказаў, што «6-7 урокаў сядзець у планшэце, у электроннай кнізе для зроку можа быць нашмат шкаднейшым, чым партфель з падручнікамі прынесці і занесці са школы». І яму «хацелася б, каб бацькі комплексна і аб’ектыўна клапаціліся аб здароўі сваіх дзяцей».
Таксама падчас прэс-канферэнцыі ён сказаў, што кантролю за (не)выкарыстаннем дэвайсаў дзецьмі падчас вучобы няма. «Таму што школа ў нас — тэрыторыя даверу, камфорту. Безумоўна, калі вучань не парушае гэтыя правілы, ніхто не будзе яго ні кантраляваць, ні якія-та прымяняць дадатковыя меры», — патлумачыў ён.
Читать на dev.by