У Мінсувязі пахваліліся, што Беларусь трэці год запар расце ў глабальным Індэксе развіцця ІКТ
«Апублікаваны Індэкс развіцця ІКТ МСЭ (IDI) 2025 года пацвярджае ўстойлівы прагрэс на шляху да універсальнага і эфектыўнага падключэння, што вызначаецца як магчымасць роўнага доступу ў Інтэрнэт для кожнага, па даступнай цане, у любым месцы і ў любы час з мінімальнымі выдаткамі», — гаворыцца ў пасце ведамства.
Беларусь умацавала пазіцыі па 7 з 9 паказчыкаў, пры гэтым па двух з іх — кошце кошыка фіксаванага шырокапалоснага інтэрнэт-доступу і колькасці ўладальнікаў мабільнага тэлефона — наша краіна атрымала максімальнае значэнне (100%).
Вось некаторыя лічбы з даклада:
- 91,5% насельніцтва Беларусі карыстаюцца інтэрнэтам і 92,5% дамагаспадарак маюць дома доступ да сеткі.
- Беларусь мае высокае пакрыццё 3G (99,9%) і 4G/LTE сетак (98,4%), а колькасць мабільных шырокапалосных падпісак на 100 жыхароў дасягнула 103,7.
- Сярэдні трафік мабільнага шырокапалоснага інтэрнэту на адну падпіску ў Беларусі складае 166 Гб, а фіксаванага шырокапалоснага — 2005,3 Гб.
- У Беларусі танная мабільная сувязь і шырокапалосны інтэрнэт, цэны на кошык мабільнай сувязі і галасавой сувязі складаюць 1,2% ад валавога нацыянальнага даходу (ВНД) на душу насельніцтва, а на фіксаваны шырокапалосны інтэрнэт — 0,7%.
«Гэтыя лічбы яшчэ раз дэманструюць, што Беларусь упэўнена рухаецца да пабудовы грамадства, дзе інфармацыйныя тэхналогіі даступныя кожнаму, ствараючы ўмовы для далейшага развіцця і росквіту», — піша Мінсувязі.
Варта адзначыць, што ў дакладзе няма рэйтынгу, які адлюстроўваў бы становішча Беларусі і яе дынаміку адносна іншых краін свету.
Читать на dev.by