«Карыстальніку ўсё роўна: 5G, 6 ці 4». У Мінсувязі расказалі пра новага мабільнага аператара ад «Белтэлекама»
У Беларусі з’явіцца мабільны аператар ад дзяржкампаніі «Белтэлекам». Праект будзе рэалізоўвацца зыходзячы з развіцця 5G. Пра гэта піша Office Life са спасылкай на міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана.
— Мабільным аператарам можна стаць па-рознаму, але гэтая задача стаіць адназначна, — заявіў Шульган. Паводле слоў міністра, зыходзячы з таго, па якой мадэлі пойдзе развіццё тэхналогіі 5G, «Белтэлекам» думае, у якім выглядзе будзе развіваць гэты праект.
Ён удакладніў, што сёння 5G у Беларусі — гэта пэўнае пытанне, якое патрабуе толькі юрыдычнага афармлення ў выглядзе ўказа кіраўніка дзяржавы. Праект ужо праходзіць узгадненне, у ў найбліжэйшай будучыні разлічваюць прыступіць да канкрэтнага выканання.
— Але 5G — гэта ўсяго толькі тэхналогія. Карыстальніку ўсё роўна: 5G, 6 ці 4. Калі вы атрымліваеце якасную паслугу, то не дурыце галавы над тым, па якой тэхналогіі яна аказваецца. У нас яшчэ ёсць рэзервы па развіцці 4G, — адзначыў міністр.
«Белтэлекам» атрымаў ліцэнзію на паслугі сотавай рухомай электрасувязі на пачатку 2022 года. Кампанія заявіла, што будзе аказваць паслугі мабільнай сувязі 4G (LTE). Прагназавалася, што мабільныя паслугі стануць даступныя не раней за другое паўгоддзе 2023 года. Пазней планы па запуску мабільных паслуг перанеслі на 2024 год. «Белтэлекаму» належыць 51% у мабільным аператары МТС.
Читать на dev.by