«Важна не перагнуць палку»: у МПЗ нагадалі пра планы павысіць падаходны падатак і сказалі, колькі людзей закране
У парламенце рыхтуюцца абмяркоўваць павышэнне стаўкі падаходнага падатку. Калі ідэю ўвасобяць, то яна закране вельмі нямногіх беларусаў, запэўніў, міністр па падатках і зборах Дзмітрый Кійко.
«Павышэнне стаўкі падаходнага падатку — гэта прапанова па павышэнні справядлівасці падаткаабкладання. Называецца прагрэсіўнае падаткаабкладанне. Чым больш у цябе ўзровень даходу, тым больш табе прапануецца заплаціць стаўку», — цытуе чыноўніка БелТА. Ён дадаў, што «гэта наогул стандартная сітуацыя ў еўрапейскіх краінах» (якія пазіцыянуюцца ўладамі як глабальнае зло), і што ў Беларусі ўжо часткова рэалізавана гэта сістэма.
«Мы з 2024 года павысілі стаўку падаходнага падатку. У нас прымяняецца 25% для даходаў звыш Br200 тысяч. Мы ўжо атрымалі першыя вынікі гэтай працы», — патлумачыў Кійко. Стандартная стаўка складае 13%.
Ён адзначыў, што гэта не распаўсюджваецца на абсалютную большасць грамадзян, якія атрымліваюць даходы ў выглядзе заробку: з больш за 4 млн працаздольнага насельніцтва Беларусі павышаная стаўка закранула крыху менш за 8 тысяч чалавек. «Тым не менш у даходы мясцовых бюджэтаў паступіла парадку Br200 млн. А гэта сума ўжо значная», — адзначыў кіраўнік МПЗ.
Па яго словах, цяпер будуць думаць над увядзеннем трэцяй стаўкі для яшчэ больш забяспечаных грамадзян. «На сённяшні дзень мы іх ацэньваем — парадку 1 тысячы чалавек», — сказаў Кійко.
«Тут галоўнае не перагнуць палку. Гэта як прапанова мае права на жыццё. Тым не менш па выніках абмеркавання вырашана працягнуць гэтую дыскусію ў парламенце. Таму я думаю, падрабязнасці мы будзем абмяркоўваць, калі дакументы непасрэдна паступяць у парламент, і там пачнецца канкрэтнае абмеркаванне», — заключыў ён.
Читать на dev.by