У Нацбанку распавялі, калі ўвядуць лічбавы рубель
Старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка разлічвае, што лічбавы беларускі рубель будзе ўведзены ў абарот у наступным годзе. Зараз ідзе актыўная праца над яго стварэннем. Пра гэта Галоўчанка заявіў у інтэрв’ю на БТ.
«Я мяркую, што ўжо ў другой палове 2026 года лічбавы рубель будзе паўнавартасна ўведзены ў абарот, і ім ужо змогуць карыстацца суб’екты гаспадарання. Да 2027 года мы плануем, што ён стане даступны і дзяржаўным органам, і фізічным асобам», — сказаў ён.
У межах праекта перад Нацбанкам стаяць тры задачы: вызначэнне патрабаванняў да платформы лічбавай валюты, стварэнне беларускага софту для яе функцыянавання і распрацоўка нарматыўнай базы.
«У першую чаргу перад намі стаіць, безумоўна, пытанне захаванасці сродкаў. Гэта пытанне, як я называю, афарбаванасці гэтых сродкаў. То бок для дзяржавы, напрыклад, вельмі важна мець магчымасць прасачыць, як лічбавыя грошы праходзяць па ўсім ланцужку», — працягнуў кіраўнік Нацбанка.
Ён дадаў, што лічыць перспектыўным выкарыстанне лічбавай валюты ў міжнародных разліках і што ў гэтым кірунку Беларусь вельмі шчыльна ўзаемадзейнічае з Расіяй, якая таксама імкнецца стварыць свой лічбавы рубель. «Але вельмі важна, каб гэтыя валюты, як кажуць, размаўлялі адна з адной, і мы маглі праводзіць трансгранічныя ўгоды. Зараз паралельна са стварэннем інфраструктуры беларускага лічбавага рубля ўжо працуем і над сумесным планам дзеянняў па выкарыстанні гэтых інструментаў ва ўзаемных разліках», — адзначыў ён.
Читать на dev.by