У Нідэрландах рыхтуюцца забараніць кітайскім студэнтам паступаць на тэхналагічныя спецыяльнасці
Нідэрландскія ўлады распрацоўваюць законапраект, які дазволіць забараніць студэнтам з Кітая вывучаць у мясцовых ВНУ «адчувальныя» тэхналогіі, напрыклад, звязаныя з паўправаднікамі і абароннай сферай. Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Паводле іх слоў, у тэксце закона Кітай наўрад ці будзе згадвацца наўпрост, але ягоная мэта — не даць доступ да вучэбных матэрыялаў у адчувальных тэмах выхадцам з азіяцкай краіны.
Законапраект знаходзіцца ў працэсе распрацоўкі і можа запусціць новы віток эскалацыі супрацьстаяння дзвюх краін у паўправадніковай галіне. Раней сёлета нідэрландскі ўрад вырашыў з падачы ЗША ўзмацніць абмежаванні экспарту тэхналогій для вытворчасці чыпаў у Кітай і пачаў расследаваць паглынанне хатняга чыпмэйкера Nowi кітайскай кампаніяй Nexperia. Самі ЗША ў першай палове 2022 года выдалі выхадцам з Кітая ў 2+ разы менш студэнцкіх віз у параўнанні з перадпандэмійнымі значэннямі.
У Міністэрстве адукацыі Нідэрландаў выданню пацвердзілі, што рыхтуюцца ўвесці абавязковую праверку студэнтаў і даследчыкаў у адчувальных прадметных абласцях. Там дадалі, што любыя такія меры будуць нейтральнымі, то-бок не будуць накіраваныя на прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных краін.
Між тым у адным з дакладаў нідэрландскай выведнай службы Кітай названы «найбуйнейшай пагрозай эканамічнай бяспецы краіны». Кітай ёсць адным з яе найбуйнейшых гандлёвых партнёраў.
Там гаворыцца, што многім мясцовым кампаніям і Інстытутам складана правесці належную ацэнку рызык эканамічнага і навуковага супрацоўніцтва з Кітаем і што за кітайскімі партнёрамі нярэдка таемна стаіць кітайскі ўрад або вайскоўцы. Таксама выведка сцвярджае, што Кітай спрабуе падабрацца да нідэрландскіх высокатэхналагічных кампаній ды інстытутаў праз паглынанні, навуковае супрацоўніцтва, незаконны лічбавы шпіянаж, інсайдараў, таемныя інвестыцыі і незаконны экспарт.
На пачатку года вытворца літаграфічнага абсталявання ASML, які грае найважнейшую ролю ў паўправадніковай галіне, абвінаваціў у крадзяжы канфідэнцыйнай інфармацыі былога супрацоўніка, які месціўся ў Кітаі.
Читать на dev.by