У Нідэрландах палічылі мігрантаў высокай кваліфікацыі — беларусаў таксама. Незадаволеныя
Дзяржава падазрае, што не ўсе яны займаюцца тым, чым трэба.
У Нідэрландах на 1 студзеня 2024 года пражывала 690 высокакваліфікаваных мігрантаў — грамадзян Беларусі. Усяго такіх мігрантаў з розных краін было 80 740. Такія звесткі прыводзяцца ў адказах урада дэпутатам Палаты прадстаўнікоў краіны, якіх моцна занепакоіла справаздача Інспекцыі працы за 2023 год.
Справаздача разышлася па мясцовых СМІ, аднатыпныя загалоўкі ў якіх адлюстроўваюць сутнасць праблемы: «Цырульнікі і кабельшчыкі таксама працуюць як «высокакваліфікаваныя мігранты».
У топ-7 краін паходжання высокакваліфікаваных мігрантаў у Нідэрландах трапілі:
- Індыя — 20 150 чалавек;
- Турцыя — 7910 чалавек;
- ПАР — 5670 чалавек;
- Расія — 5650 чалавек;
- ЗША — 4450 чалавек;
- Кітай — 3830 чалавек;
- Бразілія — 3550 чалавек.
Як зрабіла выснову інспекцыя працы, схема прыцягнення высокакваліфікаваных мігрантаў з-за межаў ЕС «састарэлая і немэтазгодная».
Больш за 10 000 нідэрландскіх кампаній маюць права наймаць мігрантаў, пры гэтым ключавым крытэрам з’яўляецца зарплата — яна мае быць як мінімум у 1,5 разу большай за сярэднюю зп (для мігрантаў маладзейшых за 30 парог ніжэйшы). А вось патрабаванні да адукацыі і вопыту не канкрэтызаваныя.
Інспекцыя вырашыла, што некаторыя працадаўцы злоўжываюць гэтай схемай, прыцягваючы па ёй не высокакваліфікаваных тэхнічных спецыялістаў і дактароў, а рабочых, працаўнікоў б’юці-сферы, прыбіральшчыкаў. Іх, маўляў, прымушаюць працаваць па 10 гадзін на дзень шэсць разоў на тыдзень, пры гэтым неабходны мінімум ім плацяць толькі на паперы. Праз пяць гадоў такой працы мігранты могуць падавацца на грамадзянства.
У інспекцыі лічаць, што для нармальнага кантролю варта было б абмежаваць колькасць такіх наймальных кампаній некалькімі сотнямі — з ліку тых, што сапраўды арыентаваны на высокія веды.
Тым не менш у топ-3 сфер, дзе занятыя высокакваліфікаваныя мігранты, не б’юці-бізнэс і не клінінг, а паслугі ў галіне ІТ, фінансаў.
— ІТ-паслугі — 15 250 чалавек;
— Фінансавыя ўстановы (акрамя страхавых і пенсійных фондаў) — 8530 чалавек;
— Холдынгі (акрамя фінансавых), кансалтынг у галіне менеджменту — 8170 чалавек.
Акрамя гэтага, высокакваліфікаваныя мігранты ў Нідэрландах працуюць у агенцтвах па працаўладкаванні; у аптовым гандлі і гандлёвым пасярэдніцтве; у вытворчасці машын і абсталявання і г. д.
Читать на dev.by