У Пінску накрылі кол-цэнтр, які «зарабіў» больш за $0,6 млн на пасылках з неіснуючымі ноўтбукамі

У Пінску чатыры мясцовыя жыхаркі арганізавалі кол-цэнтр, праз які рассылалі па ўсёй краіне пасылкі з нібыта выйгранай камп’ютарнай тэхнікай.

«Пераможцы» аплачвалі кошт накладзеных плацяжоў, а атрымлівалі папяровае смецце. Следчыя органы завялі крымінальную справу, адная з фігурантаў знаходзіцца пад вартай, паведамляе Следчы камітэт. 

1 каментарый

Паводле даных следства, яшчэ ў студзені 2020 года жанчыны зарэгістравалі фіктыўную юрыдычную асобу, якая нібыта спецыялізавалася на продажы тавараў праз інтэрнэт-краму.

Яны арандавалі памяшканне ў цэнтры Пінска, там абсталявалі кол-цэнтр і нанялі больш за 100 супрацоўнікаў. На ўказанне фігурантак так званыя кол-менеджары на працягу трох гадоў тэлефанавалі людзям ад імя інтэрнэт-крамы «Тавары для дома» і паведамлялі нібыта пра выйгрыш камп’ютарнай тэхнікі, якую адправілі «пераможцу акцыі» па пошце.

— Грамадзяне аплачвалі кошт накладзеных плацяжоў, аднак замест выйгрышу ў скрынках ляжала рознае папяровае смецце, каталогі з таварамі і падарункавыя сертыфікаты на атрыманне смартфонаў, ноўтбукаў, планшэтаў і іншай тэхнікі. Пры гэтым скарыстацца сертыфікатам было немагчыма. Пасля аператары паведамлялі пацярпелым, што тавараў няма на складзе, — расказалі ў СК.

Грошы ад кошту накладзеных плацяжоў ішлі на рахункі фігурантак, а інтэрнэт-крамы, камп’ютарнай тэхнікі і склада з таварамі ніколі не было.

У ходзе расследавання крымінальнай справы следчыя вызначылі, што ў выніку ашуканскіх дзеянняў жыхаркі Пінска завалодалі грашыма больш як 49 тысяч чалавек на суму звыш 2 мільёнаў рублёў (больш за 0,6 мільёна долараў). Выкрадзеныя сродкі яны выдаткоўвалі на асабістыя патрэбы і для выплаты заробкаў наёмным работнікам.

У часе ператрусаў было канфіскавана больш за 100 адзінак камп’ютарнай тэхнікі. Накладзены арышт на аб’екты нерухомасці і прадметы раскошы, набытыя за грошы, здабытыя злачынным шляхам. Адная з падазраваных узятая пад варту.


Читать на dev.by