У Польшчы хочуць павялічыць тэрмін пражывання, які патрэбны замежніку для прызнання грамадзянінам

Члены польскай партыі PiS прэзентавалі ў Любліне праект зменаў у закон аб грамадзянстве, паведамляе Telegram-канал DzikPic. Прапануецца, каб замежнікі жылі на падставе сталага побыту/карты рэзідэнта не 3, а мінімум 10 гадоў перад падачай заявы на польскае грамадзянства.

31 каментарый

Паводле слоў палітыкаў, гэта «адпавядае практыцы, прынятай у Італіі і Аўстрыі». Маўляў, «трохгадовы тэрмін пражывання, неабходны для атрымання грамадзянства, з’яўляецца адным з самых кароткіх у ЕС, што можа не даваць дастаткова часу для авалодання польскай мовай на ўзроўні B1, разумення культуры і поўнай адаптацыі да сацыяльна-прававых рэалій».

Іншыя патрабаванні, такія як стабільная крыніца даходу або веданне польскай мовы, застаюцца нязменнымі. Пад дзеянне праекта не павінны трапляць некаторыя групы, напрыклад уцекачы і асобы польскага паходжання.

«Гэта наш адказ на пагрозы, з якімі сутыкаецца Польшча. Нелегальныя мігранты павінны быць дэпартаваныя з нашай краіны», — заявіў віцэ-прэзідэнт PiS Марыюш Блашчак. І дадаў, што варта дэпартаваць нават легальных мігрантаў, калі тыя здзяйсняюць злачынствы.

«Тыя, хто працуе ў нашай краіне і інтэгруецца ў польскую культуру, змогуць атрымаць грамадзянства толькі праз 10 гадоў, — сказаў ён. — Нам важна, каб Польшча была бяспечнай. Мы не можам дапусціць, каб у Польшчы жанчыны баяліся выходзіць з дому пасля змяркання. Гэта пагроза цалкам рэальная, і на яе трэба рэагаваць менавіта так. Мы будзем дамагацца таго, каб Сейм заняўся гэтым праектам у сераду на бліжэйшым пасяджэнні».

А дэпутат PiS Міхал Москаль напісаў у Х, што 10 гадоў — гэта адпаведны час, каб чалавек, які хоча атрымаць польскае грамадзянства, даказаў, што «паважае польскую культуру, закон і каштоўнасці».

Аднак нават калі гэты законапраект прымуць, адзначае DzikPic, чакаць 10 гадоў на сталым побыце ўсё роўна не давядзецца. Паводле закона, прэтэндаваць на грамадзянства можна праз розныя тэрміны. У прыватнасці, не маючы статусу ўцекача або карты паляка, падаць заяву можна:

  • праз 3 гады пражывання ў Польшчы на падставе дазволу на сталае пражыванне/перабыванне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС;
  • праз 10 гадоў легальнага пражывання ў Польшчы (без выразна акрэсленага перыяду знаходжання на ПМЖ або карце рэзідэнта).

То бок людзі ўсё роўна змогуць падавацца на прызнанне грамадзянінам Польшчы праз 10 гадоў «звычайнага» пражывання.

Імаверна, гэтыя заявы — частка перадвыбарчай кампаніі. 18 мая ў Польшчы пройдуць выбары прэзідэнта.

МЗС Польшчы паабяцаў вырашыць праблемы з выдачай гуманітарных віз беларусам да наступнага года
Па тэме
МЗС Польшчы паабяцаў вырашыць праблемы з выдачай гуманітарных віз беларусам да наступнага года
Беларусаў абавяжуць паведамляць пра знаходжанне ў Латвіі пры ўездзе з краін Шэнгену
Па тэме
Беларусаў абавяжуць паведамляць пра знаходжанне ў Латвіі пры ўездзе з краін Шэнгену

Читать на dev.by