У Польшчы шукаюць сувязь паміж візамі і падпаламі
Камісія па расследаванні візавага скандалу збіраецца вызначыць, як на тэрыторыю Польшчы трапілі замежнікі, у тым ліку беларусы, якіх абвінавачваюць у падпале гандлёвага цэнтра ў Варшаве. У прыватнасці, ці маглі яны ўехаць па візах PBH. Пра гэта піша Dzik Pic са спасылкай на польскія медыя.
Камісія накіруе адпаведны запыт міністру юстыцыі і генеральнаму пракурору. У ім будзе пытанне пра тое, ці мелі беларусы або асобы іншых нацыянальнасцяў, якія маюць дачыненне да пажару ў гандлёвым цэнтры ў Варшаве па вул. Марывільскай, візу РВН. Адказаць на ліст прапануецца на працягу 7 дзён.
Раней польскія медыя паведамілі пра затрыманне двух беларусаў і паляка па падазрэнні ў працы на расійскую разведку і дыверсійнай дзейнасці.
Паводле інфармацыі выдання Rzeczpospolita, затрыманыя планавалі падпалы ў гандлёвых цэнтрах, рэстаранах, будаўнічых складах. У прыватнасці, іх падазраюць у падпалах аб’ектаў у Гдыні і пад Варшавай і спробе падпалу яшчэ аднаго аб’екта ў Гданьску.
Аднак нідзе не праходзіла інфармацыя пра затрыманні беларусаў канкрэтна ў сувязі з пажарам у гандлёвым цэнтры ў Варшаве па вул. Марывільскай.
Тым часам у камісіі па расследаванні візавага скандалу выступіў кіраўнік партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі. Паводле яго слоў, ён не атрымліваў ніякай інфармацыі пра пагрозы, якія зыходзяць ад праграмы «Poland.Business Harbour».
Раней былы міністр замежных спраў Польшча Збігнеў Рау на той жа камісіі заявіў, што, на ягоную думку, ніякага візавага скандалу не было, а быў толькі «каскад хлусні, фэйкавых навін і паклёпу».
У сваю чаргу адная з суаўтарак PBH былая віцэ-прэм’ерка і міністарка развіцця Ядвіга Эмілевіч заступілася за праграму перад камісіяй: «Мне няма за што сябе вінаваціць, гэта было добрае рашэнне», — заявіла яна.
Нагадаем: МЗС вырашыла прыпыніць праграму Poland.Business Harbour пры канцы студзеня — як мінімум «да прыняцця рашэнняў, якія гарантуюць належную праверку кампаній і замежнікаў, што з’яўляюцца бенефіцыярамі».
Читать на dev.by