У ПВТ — новы кіраўнік. Працаваў у КДБ, МЗС, ІАЦ, «Белтэлекаме»
Імя Усевалада Янчэўскага знікла з сайта Парка.
У ПВТ змяніўся кіраўнік. Начальнікам Сакратарыята Назіральнай рады ПВТ стаў Базанаў Аляксандр Віктаравіч. Так абнавілася інфармацыя ў раздзеле «Кіраўніцтва» на сайце Парка.
Намеснікі — ранейшыя: Кірыл Залескі, Іван Жызнеўскі і Аляксандр Марцінкевіч. Імя ранейшага кіраўніка Парка Усевалада Янчэўскага знікла з сайта.
Як паведамляе kv.by са спасылкай на крыніцы, пастанова была прынятая яшчэ на мінулым тыдні.
Што вядома пра Базанава
Аляксандр Базанаў нарадзіўся ў 1962 годзе, скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
У нулявых быў прэс-сакратаром КДБ. У інтэрнэце мала слядоў яго медыйнай актыўнасці на пасадзе: напрыклад, у 2003 каментаваў крымінальную справу супраць топаў Velcom, у 2004 — арышт вайсковага аташэ польскай амбасады. У далейшым ён хутчэй фігура непублічная. На beldumka.belta.by захаваўся вялікі матэрыял, дзе ён разам з сааўтарам разважае пра беды постсавецкага грамадства і саюз з Расіяй. Там жа — даведка, якую сёння актыўна перадрукоўваюць у сувязі з новым прызначэннем: працаваў на розных пасадах у КДБ, Дзяржсакратарыяце Рады бяспекі, МЗС (у прыватнасці, працаваў у беларускім пасольстве ў Германіі) і Апараце Саўміна РБ.
У 2010 узначаліў прэзідэнцкі Інфармацыйна-аналітычны цэнтр, які 13 гадоў — да ліквідацыі ў 2019 — аналізаваў працэсы ў краіне, у тым ліку праз сацапытанні, і прапаноўваў варыянты рашэння.
У 2011-м уключаны ў спіс са 160+ чалавек (чыноўнікаў, суддзяў, сілавікоў, журналістаў), неўязных у краіны ЕС.
У 2014 быў вызвалены ад пасады з фармулёўкай «у сувязі з выхадам у адстаўку», і праз 10 дзён стаў намеснікам гендырэктара ААТ «Белтэлекам» — адказваў за ўзаемадзеянне з дзяржорганамі і вонкавыя сувязі.
Рэарганізацыя структуры ПВТ
Увесну адбылася рэарганізацыя структуры ПВТ. Указам № 102 «Пра развіццё Парка высокіх тэхналогій» было прапісанае стварэнне кіруючай кампаніі, якая будзе займацца «інтэнсіўным стратэгічным развіццём». Пры гэтым паўнамоцтвы Назіральнай рады ПВТ захоўваліся ў поўным аб’ёме, «для забеспячэння яе дзейнасці» быў створаны сакратарыят. У дакуменце таксама сказана, што цяпер адміністрацыя ПВТ будзе рэарганізаваная «шляхам далучэння» да Назіральнай рады ПВТ.
Читать на dev.by