У ПВТ першы набор рэзідэнтаў у 2023 годзе — 31 кампанія
Назіральная рада ПВТ зарэгістравала 31 кампанію ў якасці рэзідэнтаў Парка, паведамляе прэс-служба ПВТ. Сярод навакоў — «ДНК тэхналогіі», гульня, разумная ферма і нават кампанія, якая «зоймецца стварэннем адзінай дзяржаўнай платформы распрацоўкі сайтаў дзяржорганаў».
Хто ўвайшоў у ПВТ
Capital Asset Exchange and Trading, LLC. — глабальны трэйдар, працуе на рынку паўправаднікоў. Офіс у Мінску плануе працаваць над доўгатэрміновымі праектамі па развіцці лічбавай гандлёвай платформы CAE.
«Лід Правайдар» — плануе распрацаваць і дапрацаваць маркетплэйс адукацыйных паслуг «Educational Hub». Рэсурс будзе размяшчаць інфармацыю пра адукацыйныя паслугі, паказваць іх кошт, зніжкі, працягласць навучання, форму навучання, лакацыі, даты пачатку навучання груп і г. д.
«Імерсіў» — збіраецца распрацоўваць і прасоўваць уласную мабільную гульню «Interio». Гэта сімулятар стварэння інтэр’ераў памяшканняў.
«Разумныя ДНК Тэхналогіі» — зоймецца распрацоўкай лінейкі прылад, шмат- і аднаразовых панэляў для «правядзення ДНК секвенавання новага пакалення». Абяцаюць адрознівацца ад існых на рынку «ўнікальнай тэхналогіяй вызначэння ДНК».
«АйПіПлам» — плануе распрацоўваць уласны праграмны комплекс «LiveStream» для арганізацыі і правядзення азартных гульняў у рэжыме жывой трансляцыі. Таксама кампанія збіраецца распрацоўваць софт для заказчыкаў у сферы гульнявога бізнэсу, уключна з праграмнымі платформамі для аператараў віртуальных гульнявых устаноў.
«ФоксТры» — спецыялізуецца ў распрацоўцы ўласных сэрвісаў для абмену данымі і камунікацыі ў інтэрнэце. Сярод рашэнняў можна вылучыць мабільную праграму «СounterStroke», якая аналізуе фізіялагічныя параметры чалавека (напрыклад, «вызначае верагоднасць інсульту»).
«ДзіваСофт» — зоймецца распрацоўкай уласных праграмна-апаратных комплексаў для сферы сельскай гаспадаркі, адзін з якіх прызначаны для кіравання і кантролю працэсамі жывёлагадоўчых прадпрыемстваў «КОРМ+», а другі — для кіравання асноўнымі вытворчымі працэсамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў «Разумная ферма».
«ІнДэў Салюшэнс» — зоймецца стварэннем адзінай дзяржаўнай платформы распрацоўкі сайтаў дзяржорганаў.
«ЭкстБел» — распрацоўшчык вэб- і мабільных праграм у сферы банкаўскіх і фінансавых паслуг, аховы здароўя, электроннай камерцыі і лагістыкі.
Кантэкст
Гэта першы набор рэзідэнтаў сёлета, больш за тое, гэта першы набор за апошнія паўтара года, пра які афіцыйна паведаміў ПВТ. Апошні раз пра прыём новых рэзідэнтаў Парк паведамляў у снежні 2021 года.
Летась новымі рэзідэнтамі ПВТ сталі, паводле нашай інфармацыі, не менш за 30 кампаній. Аднак Парк афіцыйна пра гэта не паведамляў. Можна меркаваць, што летась быў усталяваны антырэкорд паводле колькасці новых кампаній Парка за апошнія 4 гады. Для параўнання: у 2019 годзе новымі рэзідэнтамі сталі 318 кампаній, у 2020 — 236, у 2021 — 179.
На цяперашні момант усяго ў ПВТ уваходзіць, мяркуючы з інфармацыі на сайце, 1061 кампанія. На пачатку 2022 года колькасць рэзідэнтаў была амаль аналагічнай — 1065 кампаній. То-бок за мінулы і гэты гады ПВТ не вырас. Шмат кампаній прынялі рашэнне пра ліквідацыю бізнэсу ў Беларусі.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by