У Расіі хочуць «прызямліць» замежныя анлайн-гульні і прымусіць плаціць збор у імя развіцця мясцовай індустрыі
Урад Расіі абмяркоўвае ініцыятыву «прызямлення» замежных анлайн-гульняў. Пра гэта піша «Код Дурава» са спасылкай на «Камерсант».
«Адзіны рэгулятар азартных гульняў» рыхтуе законапраект, паводле якога замежныя распрацоўшчыкі анлайн-гульняў будуць абавязаныя адкрываць у Расіі офісы і размяшчаць серверы, дзе будуць захоўвацца даныя расійскіх грамадзян, на тэрыторыі краіны. Таксама замежных выдаўцоў хочуць прымусіць плаціць адлічэнні ў адмысловы фонд, з якога будуць фінансавацца расійскія распрацоўшчыкі відэагульняў. Акрамя таго, прапанавана стварыць адзіны рэгулятар анлайн-гульняў, які пры неабходнасці мог бы іх блакаваць.
На мінулым тыдні прайшла закрытая сустрэча, на якой прысутнічалі сябры расійскага ўрада і прадстаўнікі гульнявой галіны, уключаючы 1С, Lesta Games, VK Play і «арганізацыю развіцця відэагульнявой індустрыі» (РВІ). Мэтай мерапрыемства быў абмен думкамі паміж бакамі.
Пры гэтым сам законапраект яго ўдзельнікам паказаны не быў. Але, паводле даных «Камерсанта», віцэ-прэм’ер Дзмітрый Чарнышэнка лічыць яго дастаткова «сырым» і адправіў на дапрацоўку.
Мінлічбы таксама арганізуе працоўную групу з прадстаўнікамі расійскай гульнявой індустрыі, якая мае дакладна прапісаць адрозненні паміж анлайн-казіно і гульнямі. Аднак эксперты лічаць, што «прызямліць» замежных распрацоўшчыкаў будзе праблематычна.
Читать на dev.by