В Расіі пачалі ўкараняць ШІ у дварах жылых дамоў, каб лавіць злачынцаў

На Ямале (гэта паўвостраў на тэрыторыі Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі) за бяспекай двароў і пад’ездаў жылых дамоў пачала сачыць сістэма на базе штучнага інтэлекту ад кампаніі NtechLab. Паводле прадстаўнікоў кампаніі, гэта дазволіла знізіць узровень злачыннасці, а ў будучыні плануецца разгортванне такіх сістэм у іншых рэгіёнах краіны, паведамляе 3DNews са спасылкай на ТАСС.

Пакінуць каментарый

Алгарытмы NtechLab дазваляюць распазнаваць твары і сілуэты, а таксама выяўляць людзей, якія знаходзяцца ў вышуку. Праваахоўныя органы выкарыстоўваюць сістэму для прадухілення злачынстваў і пошуку зніклых без вестак.

«Наша відэааналітыка дае жыхарам абсалютна новы ўзровень бяспекі двароў, тэрыторыі якіх мы адносім да зон уласнага камфорту. Там гуляюць нашы дзеці, начуюць нашы аўтамабілі. ШІ дазваляе аператыўна рэагаваць не толькі на з’яўленне асоб, што знаходзяцца ў вышуку, але і ў выпадку злачынства хутка аднавіць хаду падзей і знайсці вінаватых дзякуючы архіву відэазапісаў», — распавялі ў NtechLab.

На Ямале да сістэмы падлучана каля 5 тысяч камер. Адзначаецца, што летась колькасць злачынстваў, учыненых на вуліцах, скарацілася амаль на чвэрць, а ШІ дапамог праваахоўнікам раскрыць кожнае дзясятае злачынства. «Планамерна працуем над пашырэннем ахопу [сістэмы відэааналітыкі]. Падлучаем двары, пад’езды, крамы і аб’екты грамадскага харчавання, усе транспартныя вузлы. Прыкладаем усе намаганні, каб Ямал быў адным з самых бяспечных рэгіёнаў краіны», — адзначаюць мясцовыя ўлады.

Зараз вядуцца перамовы аб запуску сістэмы ў Разанскай, Яраслаўскай, Цюменскай, Самарскай, Ніжагародскай і Архангельскай абласцях. Рашэнні NtechLab выкарыстоўваюцца ў больш чым 30 рэгіёнах Расіі і 30 краінах.

У Беларусі налічваецца каля 60 тысяч «разумных» камер відэаназірання — за 5 гадоў іх колькасць павялічылася ў 600 разоў. Паведамлялася, што яны ўсталёўваюцца ў грамадскіх месцах, такіх як бары і метро.

Разумных відэакамер, што сочаць за беларусамі, за 5 гадоў стала больш у 600 разоў
Па тэме
Разумных відэакамер, што сочаць за беларусамі, за 5 гадоў стала больш у 600 разоў

Читать на dev.by