У Расіі цяпер можна атрымаць адміністратыўную або крымінальную адказнасць за здачу міжнароднага тэсту па англійскай
Генпракуратура Расіі прызнала дзейнасць Брытанскага савета (The British Council), які праводзіць экзамен па англійскай мове IELTS, непажаданай. Прычынай стала тое, што арганізацыя пад выглядам адукацыйнай і культурнай дзейнасці нібыта «прасоўвае несямейныя каштоўнасці і прапагандуе экстрэмісцкія ідэі», а таксама «рэалізуе праекты, накіраваныя на дыскрэдытацыю нашай унутранай і знешняй палітыкі».
Як піша vc.ru, у Расіі здаць IELTS нельга з 2022 года. Пры гэтым адвакаты раяць тым, хто хоча здаць гэты экзамен, «усімі спосабамі пазбягаць згадвання The British Council», бо за ўдзел у тэставанні могуць прыцягнуць да адміністратыўнай або крымінальнай адказнасці.
Паводле расійскага КаАП, удзел у дзейнасці непажаданай арганізацыі караецца штрафам у памеры 5–15 тысяч расійскіх рублёў (да $190) для фізічных асоб і 50–100 тысяч рублёў (да $1260) — для юрыдычных асоб. Мясцовы Крымінальны кодэкс прадугледжвае розныя віды пакарання за фінансаванне непажаданай арганізацыі, напрыклад, прымусовыя работы і нават пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.
Неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне арганізатары іншага міжнароднага тэсту — TOEFL — прыпынілі яго правядзенне ў Беларусі і Расіі. Пазней жыхарам дзвюх краін дазволілі здаваць яго дыстанцыйна.
Читать на dev.by