У Расіі забароняць прадаваць камп'ютарныя гульні, якія ганьбяць Расію
Уладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб зацвярджэнні асноў дзяржаўнай палітыкі Расіі ў галіне гістарычнай асветы», які прадугледжвае стварэнне механізмаў дзяржкантролю над рынкам камп’ютарных гульняў. Дакумент набыў моц 8 мая, паведамляе Cnews.
Асноўны змест указа — выключыць «некантраляванае распаўсюджванне лічбавых прадуктаў», якія ствараюць «скажонае ўяўленне пра падзеі айчыннай і сусветнай гісторыі», а таксама пра «месца і ролю Расіі ў свеце».
Адзначаецца, што кантроль за рынкам мае дапамагчы ўмацаванню агульнарасійскай грамадзянскай ідэнтычнасці, захаванню традыцыйных каштоўнасцяў, згуртаванасці расійскага грамадства і здольнасці супрацьстаяць дэструктыўнаму ідэалагічнаму ўздзеянню на яго.
Выданне мяркуе, што праз указ гульні, у якіх Расія выстаўляецца не ў найлепшым святле або якія няправільна перадаюць яе ролю ў сусветных падзеях, з вельмі вялікай верагоднасцю будуць забароненыя да продажу там, у тым ліку на замежных гульнявых маркетплэйсах, такіх як Steam, Epic Games, GOG і іншых.
Як піша app2top, у Расіі не ўпершыню за апошнія месяцы гучаць ідэі па ўзмацненні кантролю над мясцовым гульнявым рынкам. У снежні Пуцін даручыў правяраць кантэнт у гульнях на адпаведнасць расійскім законам аб інфармацыі. Незадоўга да гэтага ён выказаўся за тое, каб серверы папулярных гульняў абавязкова знаходзіліся ў Расіі, а самі гульні — размяшчаліся ў даменнай зоне .ru. Таксама летась профільная камісія пры Федэральным сходзе прапанавала стварыць рэестры «забароненых» і «дазволеных» відэагульняў, а таксама абмежаваць усталёўку гульнявых праграм на новыя ПК праз софт для бацькоўскага кантролю.
Читать на dev.by