Супольнасць абмяркоўвае смерць супрацоўніцы HQ Software у Грузіі. Разбіраемся, што адбылося
Дзяўчына памерла 2 сакавіка ў здымнай кватэры ў Тбілісі. Праз год пасля рэлакацыі. Супольнасць абмяркоўвае ролю ІТ-кампаніі HQ Software ў трагедыі.
У сацсетках актыўна абмяркоўваюць пост пра смерць у Грузіі рэлакаванай тэсціроўшчыцы з Беларусі — 29-гадовай Каці Кручок. Да пасту прымацаваныя скрыны перапісак, дзе Каця кажа, што перапрацоўкі і таксічная камунікацыя адбіваюцца на ейным здароўе.
Аўтарка паста Хрысціна Хейфец падкрэслівае, што ў дзяўчыны было рэдкае генетычнае захворванне. У заключэнні пра смерць прычынай пазначаныя «іншыя недакладна ўдакладненыя прычыны кровазліцця» (выглядае, гэта дрэнны пераклад з грузінскай, магчыма, гаворка пра неўдакладненае кровазліццё. — dev.by).
У сацсетках у тым ліку папракаюць беларускія медыя, якія «адмовілі ў агалосцы». Таму мы хочам паведаміць, што ведаем пра гэтую гісторыю і ўзялі яе ў працу.
Але ў ёй пакуль адсутнічае ключавая інфармацыя, і нам трэба больш часу, каб атрымаць яе і разабрацца.
Вось якія фактары нас запавольваюць:
- Хрысціна Хейфец, якая расказвае гісторыю Каці ў сацсетках і дае каментары нам і іншым медыя (некаторыя крыніцы называюць яе сяброўкай Каці), не была знаёмая з Кацяй. Яна кажа, што выконвае ролю пасярэдніка, бо блізкім цяпер цяжка. Аднак на шэраг ключавых пытанняў могуць адказаць толькі блізкія людзі, якія яшчэ не выйшлі з намі на сувязь. Мы лічым важным пагутарыць з імі напрамкі, перадалі пытанні і чакаем, калі яны будуць да гэтага гатовыя.
- У Грузіі распачатая крымінальная справа. Пра гэта пакуль няма канкрэтнейшай інфармацыі. Таксама мы чакаем вынікаў дадатковай экспертызы.
Ёсць праблемы, якія гэтая гісторыя агаляе незалежна ад абставін справы і заключэння судмедэкспертаў — наступствы дрэнных працэсаў і таксічнай атмасферы для псіхічнага і фізічнага здароўя супрацоўніка. Як пабудаваныя працэсы ў HQ Software, якая роля кампаніі ў трагедыі? Як (паспрабаваць) пазбегнуць новых трагедый у будучыні? Мы пяройдзем да гэтай размовы.
Але спачатку мы маем дакладна расказаць, што здарылася з Кацяй, і таму чакаем ключавых сведчанняў і дакументаў.
Каментар у кампаніі HQ Software dev.by ужо запытаў. Адказу няма.
Затое ў інстаграм-акаўнце кампаніі з’явіўся такі пост:
Wanted. Калі вы працавалі/-еце ў HQ Software, зналі Кацю і можаце расказаць пра тое, як на працы камунікавалі з Кацяй, пішыце ў @devby_insight_bot.
Читать на dev.by