У ЗША расце колькасць разводаў з-за «здрад» з чат-ботамі
Штучны інтэлект зараз умешваецца ў асабістае жыццё, прыводзячы нават да разбурэння сем’яў. Паводле звестак Wired, юрысты ў ЗША ўжо вядуць справы, у якіх нагодай для разводу робяцца эмацыйная ці «рамантычная» сувязь аднаго з сужэнцаў з ШІ.
Штучны інтэлект зараз умешваецца ў асабістае жыццё, прыводзячы нават да разбурэння сем’яў. Паводле звестак Wired, юрысты ў ЗША ўжо вядуць справы, у якіх нагодай для разводу робяцца эмацыйная ці «рамантычная» сувязь аднаго з сужэнцаў з ШІ.
Адвакат па разводах Рэбека Палмер распавяла, што яе фірма кансультуе кліентаў, якія сцвярджаюць, што партнёр фактычна «здрадзіў» ім з чат-ботам. У адной з бягучых спраў фігурант не толькі марнаваў грошы на ШІ-кампаньёна, але і перадаваў чат-боту прыватныя даныя, уключаючы нумары банкаўскіх рахункаў і сацыяльнага страхавання.
Паводле слоў Палмер, праблема ўскладняецца тым, што нават класічныя справы аб здрадзе нярэдка выклікаюць цяжкасці ў суддзяў, а ШІ-сувязі — цалкам новая прававая тэрыторыя. У асобных штатах, такіх як Мічыган, Вісконсін і Аклахома, шлюбная здрада дагэтуль лічыцца крымінальным злачынствам — і юрысты задаюцца пытаннем, ці можа віртуальны раман падпадаць пад гэтыя нормы.
Юрысты папярэджваюць, што захапленне чат-ботам можа паўплываць і на справы аб дзіцячай апецы. Калі суддзя палічыць, што бацька праводзіць зашмат часу ў інтымных перапісках з ШІ, яго здольнасць клапаціцца аб дзіцяці можа быць пастаўлена пад сумнеў.
Адвакат Элізабэт Янг з Каліфорніі прагназуе рост колькасці разводаў на фоне распаўсюджвання эмацыйна арыентаваных ШІ-кампаньёнаў. Па яе словах, па меры таго як мадэлі робяцца «больш рэалістычнымі, спачувальнымі і захапляльнымі», самотныя і нешчаслівыя ў шлюбе людзі будуць часцей шукаць эмацыйную падтрымку ў ШІ.
Першыя прыкметы такой тэндэнцыі ўжо бачныя ў Вялікабрытаніі. Сэрвіс Divorce-Online паведамляе, што ў краіне ўсё часцей фігуруюць выпадкі, калі прывязанасць аднаго з сужэнцаў да чат-бота робіцца фактарам пры падачы заявы аб разводзе.
На гэтым фоне ў асобных юрысдыкцыях абмяркоўваюць неабходнасць нарматыўных абмежаванняў. У штаце Агаё, напрыклад, прапануюць наўпрост замацаваць, што ШІ не з’яўляецца «асобай» і не можа ўступаць у шлюб — спроба прадухіліць будучыя прававыя праблемы.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.