У ЗША тысячы зумераў не змаглі прагаласаваць, бо не ўмеюць ставіць подпіс
Маладыя выбаршчыкі, якія не прывыклі пісаць ад рукі, сутыкнуліся з цяжкасцямі пры галасаванні па пошце ў часе прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.
У ЗША ўзнікла праблема з падлікам галасоў, бо многія прадстаўнікі пакалення Z не ўмеюць распісвацца. Гэта прыводзіць да таго, што значную колькасць бюлетэняў, адпраўленых па пошце, адхіляюць праз несупадзенне подпісаў.
Францыска Агілар, дзяржсакратар штата Невада, аднаго з ключавых «вагальных» штатаў на выбарах, заявіў, што праблема з забракаванымі бюлетэнямі асабліва востра стаіць сярод моладзі. Больш за 11 тысяч бюлетэняў былі адхіленыя толькі ў Невадзе праз праблемы з подпісамі, у асноўным ад маладых выбаршчыкаў.
У многіх школах ЗША ад 2010 года перасталі навучаць пісьму ад рукі. У выніку многія прадстаўнікі пакалення Z, якія нарадзіліся пры канцы 1990-х — на пачатку 2000-х, практычна не знаёмыя з гэтай практыкай.
Дэбра Клівер, заснавальніца арганізацыі Vote America, лічыць, што няўменне распісвацца становіцца сур’ёзнай праблемай. Яна прапаноўвае замяніць традыцыйны подпіс на іншы ўнікальны ідэнтыфікатар, напрыклад, камбінацыю даты нараджэння і фрагмента нумара сацыяльнага страхавання.
У некаторых штатах існуе працэдура «выпраўлення» бюлетэняў, якая дазваляе выбаршчыкам выправіць памылкі ў сваіх подпісах. Аднак гэты працэс займае час, што можа зацягнуць падлік галасоў, асабліва ва ўмовах напружанай барацьбы. У штатах, дзе такая працэдура адсутнічае, бюлетэні з непацверджанымі подпісамі не залічваюцца.
Эксперты прагназуюць, што праблема з подпісамі будзе толькі пагаршацца, па меры таго як галасаванне па пошце становіцца ўсё папулярнейшым. Некаторыя штаты, напрыклад, Каліфорнія і Луізіяна, ужо пачалі вяртаць навучанне пісьму ад рукі ў школьныя праграмы.
На прэзідэнцкіх выбарах у ЗША 5 лістапада гэтага года перамог Дональд Трамп, ён стаў 47-м прэзідэнтам краіны. Інаўгурацыя абранага прэзідэнта пройдзе 20 студзеня 2025 года.
Читать на dev.by