Вайб-кодынгавы стартап Windsurf усё ж такі набылі. І гэта не OpenAI і не Google.
Амерыканскі стартап Cognition AI, які распрацоўвае інструменты для праграмавання на базе штучнага інтэлекту, абвесціў аб набыцці кампаніі Windsurf.
Хоць фінансавыя дэталі ўгоды не раскрываюцца, Windsurf прыносіць $82 мільёны гадавога рэгулярнага даходу і абслугоўвае больш за 350 карпаратыўных кліентаў. Cognition набывае не толькі тэхналогіі і інтэлектуальную ўласнасць Windsurf, але і яе інжынерныя, прадуктовыя і маркетынгавыя каманды.
Гэтая навіна стала працягам гучнага пагаднення: на мінулым тыдні Google ўклала $2,4 мільярда ў Windsurf, выкупіўшы ключавых супрацоўнікаў і ліцэнзіі на тэхналогіі. Гэта паставіла кампанію ў складанае становішча як самастойны бізнес, а раней Windsurf вёў перамовы з OpenAI з ацэнкай кампаніі ў $3 мільярды.
Пасля сыходу заснавальнікаў Windsurf у Google, кіраўніцтва кампаніі аператыўна арганізавала ўгоды з Cognition, прапанаваўшы ўмовы, якія забяспечваюць фінансавы ўдзел усіх супрацоўнікаў. Тыя, хто валодаў акцыямі, атрымаюць паскораны вестінг-план, то бок атрымаюць права ўласнасці на акцыі ці опцыёны кампаніі паступова. Тым, хто не меў долі, налічаць акцыі, прапарцыйныя стажу.
Угода адлюстроўвае ўзмацненне канкурэнцыі паміж лідарамі індустрыі. Meta, Google, OpenAI і Amazon актыўна скупляюць стартапы і перацягваюць ключавых спецыялістаў. У адрозненне ад ранейшых паглынанняў, цяперашнія ўгоды часта афармляюцца як інвестыцыі, а не наўпроставыя пакупкі — што, на думку экспертаў, дапамагае абыйсці антыманапольнае рэгуляванне.
Читать на dev.by