ІТ-вакансіі ў жніўні прыраслі пасля ліпеньскага антырэкорду. Даследаванне доннага рэльефу
Мы прапусцілі ў ліпені новую глыбіню.
Як мы і меркавалі, пасля няспыннага вясновага падзення ўлетку рынак ІТ-вакансій выраўняўся на новым «дасягнутым» узроўні.
У жніўні на беларускім рынку было 5089 актыўных ІТ-вакансій. Гэта +11% да ліпеня — па цяперашнім часе ўражлівы рост. Што праўда, адбыўся ён пасля такога ж падзення: у ліпені колькасць вакансій на 11% скарацілася, рынак апусціўся на новую глыбіню — 4571 актыўная вакансія. У выніку жнівеньская кропка аказалася трохі ніжэйшай за чэрвеньскую.
У той жа час прырост актыўных кампаній у жніўні перавысіў ліпеньскае падзенне, так што ў выніку маем паказчык на ўзроўні сакавіка-красавіка — 2077 актыўных кампаній.
Цікава, што ў разрэзе ПВТ актыўныя вакансіі, няхай і вельмі павольнымі тэмпамі, працягнулі зніжацца. 1342 — новы антырэкорд, пастаўлены ў жніўні.
Пры гэтым актыўныя кампаніі ў ПВТ трохі прыраслі пасля ліпеньскага падзення — да 323 (+4,5%). Што праўда, да чэрвеньскай пазнакі яны так і не дацягнулі.
Дынаміка вакансій без уліку ў LinkedIn прыкладна паўтарае агульную дынаміку (якая ўлічвае аб’явы ў LinkedIn). У ліпені па колькасці актыўных вакансій — новае дно (4058), у жніўні — адскок ад яго, прыкладна да чэрвеньскай пазнакі (чэрвень — 4434, жнівень — 4453). Атрымалася ваганне ў межах 10%.
Актыўныя кампаніі без уліку LinkedIn, як і ў агульнай статыстыцы, паводзяць сябе ледзь «лепш» за актыўныя вакансіі. У жніўні такіх было 1997, гэта +9% да ліпеня, пры тым, што ліпень абышоўся без антырэкордаў (дно было ў маі).
У разрэзе ж ПВТ і без уліку LinkedIn усё горш, чым у «сярэднім па бальніцы». Ледзь прыкметна здрыгануўшыся ў чэрвені, крывая аднавіла падзенне. Агулам у жніўні зафіксавалі новую глыбіню — 1171 актыўная вакансія (-3,5% да ліпеня).
У крывой жа актыўных кампаній дно засталося ў ліпені (302). Жнівень дадаў да гэтай пазнакі + 4% (314).
Агулам жнівень дадаў крывой ІТ-вакансій як пагорачкаў, так і новых ямак. Так, пэўна, і мае выглядаць донны рэльеф. Прычым у разрэзе ПВТ апусканне, падобна, яшчэ працягваецца, і гэта нядобры сімптом, бо працэс тычыцца ядра ІТ-рынку. Верагодна, гэта рэха вялікага рэлакацыйнага працэсу, пры якім услед за спецыялістамі перамяшчаецца і геаграфія попыту.
Читать на dev.by