Варшаўская ІТ-кампанія не можа запісаць супрацоўнікаў-беларусаў на падачу дакументаў на ВНЖ — месцы разбіраюць боты

ІТ-кампанія ў Варшаве, у якой працуе шмат беларусаў, не можа запісаць іх на падачу дакументаў на ВНЖ праз сістэму InPOL. Слоты, якія адкрываюцца, імгненна браніруюць боты, а пасярэднікі патрабуюць за запіс ад 1000 злотых. Матэрыял газеты Wyborcza заўважылі беларускія медыя.

6 каментарыяў

Гаворка ідзе пра польскі офіс міжнароднай кампаніі, выданне яе не называе. У ім працуе каля 200 чалавек, 180 з іх замежнікі, большасць — беларусы.

Кампанія адзначае, што некаторыя з іх ужо наладзілі жыццё ў Польшчы, завялі сем'і, купілі жыллё і ходзяць на карпаратыўныя курсы польскай мовы. Кіраўніцтва падкрэслівае, што гэтыя людзі плацяць у краіне падаткі і робяць унёсак у эканоміку, але бюракратыя ўскладняе ім жыццё. Людзі баяцца, што аднойчы іх абвесцяць нелегаламі, і гэта праблема не толькі для іх асабіста, але і для фірмаў, якія наймаюць імігрантаў.

Кампанія дапамагае супрацоўнікам «лавіць даты» на падачу, і калі раней удавалася запісваць па некалькі чалавек у месяц, то за ўвесь ліпень — ніводнага. Усе месцы займаюць боты, і зарэгістравацца ўручную шанцаў няма. У кампаніі тлумачаць, што яшчэ месяц таму пры ўваходзе ў сістэму дзейнічала двухэтапная верыфікацыя па SMS, але ўжонд адмяніў яе, і гэта ўзмацніла ценявы рынак паслуг.

Слоты прадаюць у шматлікіх групах у Telegram па 500-1000 злотых. Цэннік абратна прапарцыйны часу, які ёсць у заяўніка да заканчэння тэрміну легальнага знаходжання. Аплату прымаюць праз Blik або ў крыптавалюце.

Wyborcza адзначае, у мінулым годзе сітуацыяй займаліся паліцыя і пракуратура, але ў гэтым красавіку расследаванне спынілі, бо не знайшлі ў такой дзейнасці прыкмет злачынства.

У кампаніі ж лічаць, што бот-сістэма не толькі несправядлівая, але і небяспечная, бо замежнікам даводзіцца перадаваць свае персанальныя дадзеныя і дадзеныя для ўваходу ў InPOL пабочным асобам, каб запісацца на прыём. Тут дадалі, што з улікам сваёй сферы дзейнасці маглі б і самі стварыць такога бота, але свядома гэтага не робяць, бо гэта несправядліва. І заклікаюць улады выправіць сістэму.

У прэс-службе ваяводы Мазавецкага ваяводства выданню паведамілі, што зараз на разглядзе знаходзіцца 100 тысяч заяў замежнікаў, імі займаюцца 302 супрацоўнікі, прычым са студзеня штат павялічылі на 18 чалавек. Але пытанне аб адмене верыфікацыі па SMS засталося без адказу. Сказалі толькі, што на фоне наплыву заяўнікаў сістэма InPOL пастаянна ўдасканальваецца, і што там усведамляюць нязручнасці, якія адчуваюць замежнікі пры запісе на візіт.

Польшча пабудавала электронную сцяну на мяжы з Беларуссю па Бугу
Па тэме
Польшча пабудавала электронную сцяну на мяжы з Беларуссю па Бугу

Читать на dev.by