Ваш роўтар сочыць за вамі: людзей навучыліся распазнаваць праз Wi-Fi і без камер
Даследчыкі з Тэхналагічнага інстытута Карлсруэ паказалі, што чалавека можна ідэнтыфікаваць па тым, як ягонае цела змяняе распаўсюджванне звычайных Wi-Fi-сігналаў. Для сачэння не патрэбныя камеры, спецыяльныя датчыкі і нават смартфон у самога чалавека.
Даследчыкі з Тэхналагічнага інстытута Карлсруэ паказалі, што чалавека можна ідэнтыфікаваць па тым, як ягонае цела змяняе распаўсюджванне звычайных Wi-Fi-сігналаў. Для сачэння не патрэбныя камеры, спецыяльныя датчыкі і нават смартфон у самога чалавека.
Метад атрымаў назву BFId. Ён аналізуе Beamforming Feedback Information — службовыя дадзеныя, якія прылады ў Wi-Fi-сетцы адпраўляюць назад роўтэру, каб дапамагчы яму накіроўваць радыёсігнал. Такая інфармацыя перадаецца без шыфравання і можа быць перахоплена стандартнай Wi-Fi-прыладай, якая побач.
Калі радыёхвалі праходзяць праз памяшканне, людзі, сцены і мэбля змяняюць іх характарыстыкі. Даследчыкі выявілі, што паводле гэтых зменаў можна аднавіць дастаткова інфармацыі пра чалавека, які знаходзіцца побач, каб пазней распазнаць яго з дапамогай мадэлі машыннага навучання. Пасля навучання ідэнтыфікацыя займае некалькі секундаў.
Сістэму выпрабавалі на 197 валанцёрах. У эксперыменце дакладнасць распазнавання наблізілася да 100%, прычым вынік захоўваўся пры розных ракурсах і манеры хадзьбы. Аўтары называюць BFId першай атакай на ідэнтыфікацыю асобы, заснаванай менавіта на аналізе BFI.
Пры гэтым самому аб’екту назірання неабавязкова карыстацца Wi-Fi. Нават адключаны смартфон не абараняе ад такога распазнавання: дастаткова, каб побач знаходзіліся іншыя прылады, якія абменьваюцца дадзенымі з роўтэрам. Гэта азначае, што патэнцыяльнай кропкай назірання можа стаць звычайная сетка ў кавярні, офісе ці іншым грамадскім месцы.
«Гэтая тэхналогія ператварае кожны роўтэр у патэнцыяльны інструмент сачэння», — папярэдзіў адзін з аўтараў працы Джуліян Тодт. Паводле даследчыкаў, у адрозненне ад камер такое сачэнне практычна незаўважнае, паколькі Wi-Fi-сеткі ўжо прысутнічаюць амаль паўсюдна.
Аўтары лічаць, што праблема патрабуе змяненняў на ўзроўні самога стандарту Wi-Fi. Яны прапануюць прадугледзець механізмы абароны канфідэнцыяльнасці пры распрацоўцы IEEE 802.11bf, які пашырае магчымасці Wi-Fi sensing.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.