Як дзяўчына з чарнобыльскай вёскі атрымала PhD па оптыцы і круты офер
Вераніка Бязручанка ўсё дзяцінства прабавіла ў вёсцы Ведрыч (Гомельская вобл.), вучылася ў школе аграгарадка Васілевічы і пабывала за гэты час у Мінску толькі аднойчы — са школьнай экскурсіяй.
Пасля школы яна паступіла на фізфак БДУ, стала вывучаць оптыку, атрымала навуковую ступень і офер ад бельгійскага стартапа Morrow N.V. Стартап вырабляе акуляры з ВК-лінзай для людзей з захворваннямі.
Змест
Паміж фізікай і грамадскім жыццём (дайце дзве)
— Мой тата працаваў галоўным інжынерам, мама — настаўніцай фізікі, матэматыкі і астраноміі ў школе ў вёсцы Ведрыч Гомельскай вобласці, — распавядае Вераніка Бязручанка, кандыдатка фізіка-матэматычных навук, інжынерка матэрыялаў у стартапе Morrow N.V. — Пасля чарнобыльскай катастрофы здароўе таты пагоршылася, зрабілі аперацыю на лёгкіх. Дактары параілі пакінуць найбольш заражаную тэрыторыю — бацькі з’ехалі, але пасля майго нараджэння вярнуліся ў тую ж вёску.
У школе ў мяне лёгка ішлі хімія і матэматыка. Усю сярэднюю школу думала, што буду паступаць у Мазырскі пед (туды паступілі абедзве старэйшыя сястры). Ніколі не марыла далей. Але летам 2007 года, перад падачай дакументаў у ВНУ, мама пачула па радыё выступ дэкана фізічнага факультэта БДУ Віктара Анішчыка — ён згадаў пра недабор. І мы прынялі рашэнне.
На той момант для мяне было фантастыкай паступіць у галоўную класічную ВНУ краіны, у сталіцу. У Мінску датуль была толькі аднойчы, з экскурсіяй, потым з класам заходзіла ў МакДональдс.
Я выбрала кваліфікацыю фізіка-даследчыка. Вучыцца там было сапраўдным шчасцем. Але я адназначна саступала іншым першакурснікам. Былі праблемы з вытворнымі, інтэграламі. Калі я чагосьці не разумела, падыходзіла да выкладчыкаў — яны спрабавалі мне растлумачыць усё тысячу разоў. Выкладчыкі не вылучалі мяне як дурную або няздольную.
Паралельна я была старастай групы, затым курса, факультэта, сакратаркай савета старастаў універсітэта. Шмат часу надавала грамадскай дзейнасці, арганізоўвала конкурсы талентаў, радыёвядоўцаў, «Міс фізфак», конкурс «Цыгарэты на цукеркі» — мы мянялі шакаладныя батончыкі, цукеркі на цыгарэты, якія потым спальвалі ў жалезным кантэйнеры.
Мне было важна раскрыць сябе як лідарку — і я ўсё ж такі менш надавала часу прадметам, ніж іншыя студэнты. Але на выходных мы з сяброўкай разбіралі ўпушчаны матэрыял. Я рабіла ўсё магчымае, каб узяць і грамадскую дзейнасць, і навучанне. Гэта быў шанец, і трэба было ім скарыстацца што б там ні было.
Навуковая кар’ера
Я размеркавалася на кафедру фізічнай оптыкі з 3 курса. Больш за ўсё на гэтае рашэнне паўплывала меркаванне Анатоля, майго цяперашняга мужа. Ён вучыўся на той жа кафедры. Сёння мы разам ужо 15 гадоў.
На 5 курсе я выконвала дыпломную працу ў «Інстытуце хіміі новых матэрыялаў» НАН Беларусі. Тэматыка — вадкія крышталі і аналіз фотаадчувальных арыентавальных слаёў — гучала вельмі маштабна, моцна, актуальна. Мяне захапляла гэтая праца! Пасля абароны (на 10 балаў, вельмі гэтым ганарылася) мой навуковы кіраўнік прапанаваў пайсці ў магістратуру НАН.
Мне здавалася перспектыўным працаваць у Акадэміі, займацца тым, што атрымліваецца і падабаецца, жыць у інтэрнаце. Калі высяляцца з інтэрната, то трэба здымаць кватэру. Гэта дорага: $150-300. Заробкі былі нядрэнныя ў Акадэміі, мяне ўсё задавальняла.
Пасля магістратуры навуковы кіраўнік прапанаваў пайсці ў аспірантуру па тэме «Вадкакрышталічныя лінзы». Пакуль там вучылася, два разы брала акадэмічныя адпачынкі і сыходзіла ў дэкрэт. Таму навучанне ў аспірантуры расцягнулася да 2022 года.
— У чым значэнне вашых распрацовак для навукі, калі простымі словамі?
— Я ўваходзіла ў склад групы аўтараў, якія стварылі новыя палімерныя фотаадчувальныя пласты для арыентацыі малекул у ВК прыладах.
У гэтых пластах можна арыентаваць малекулы ў два этапы: шмараваннем тканінай і наступным апраменьваннем УФ-святлом з асаблівым профілем пучка. Атрымліваецца, без уздзеяння святла ВК арыентуюцца вертыкальна, а пасля ўздзеяння — планарна (плоска — devby.io). І пасля ўздзеяння — апраменьвання — апрамененыя зоны працавалі як лінзы, з якіх, напрыклад, можна зрабіць 3D-дысплэй.
То-бок на аснове гэтых новых слаёў мы стварылі лінзу. Такім спосабам да нас ніхто ў свеце не рабіў ВК-лінзы.
Публікаваліся мы (нашая група навукоўцаў) у беларускіх і расійскіх часопісах, у замежных часопісах маёй навуковай накіраванасці: Journal of the Society for Information Display (1, 2), Molecular Crystals and Liquid Crystals, Journal of Applied Spectroscopy.
Ліст ад аптычнага стартапа з горада мары
Абарона маёй дысертацыі праходзіла ў чатыры этапы. І пасля другога я сама сябе пахваліла і вырашыла залезці ў сацсеткі, паглядзець, што адбываецца.
10 сакавіка 2022 года адкрыла пошту і ўбачыла паведамленне ад кампаніі Morrow N.V. Яны прачыталі мае артыкулы — і зацікавіліся.
Гэтая бельгійская кампанія вырабляе акуляры для людзей, якія пакутуюць ад міяпіі. Такія людзі маюць патрэбу ў дзвюх парах акуляраў — каб глядзець удалеч і зблізку.
Ці бачылі акуляры, дзе ў ніжняй частцы ўбудаваная шкляная павелічальная лінза? Morrow гэтую шкляную ніжнюю лінзу замянілі на кіраваную ВК-лінзу Фрэнеля. Калі купляць акуляры са шкляной лінзай, павелічальная лінза перашкаджае, калі чалавек спускаецца з лесвіцы. Выяву, якая знаходзіцца «пад нагамі», не трэба павялічваць. Таму здараюцца падзенні і іншыя няшчасныя выпадкі. Але калі лінзу можна адключыць, як яна не патрэбная, а потым уключыць, то акуляры становяцца больш функцыянальнымі. Такая функцыя ёсць у лінзаў Morrow.
Morrow знаходзіцца ў горадзе Гент, працаваць у якім я марыла на той момант ужо пяць гадоў.
— Чаму марылі менавіта пра Гент?
— У 2017 годзе на канферэнцыі ў Берліне я пазнаёмілася з прафесарам Генцкага ўніверсітэта Крысціянам Нейтсам, кіраўніком групы «Вадкія крышталі і фатоніка». Доўгі час пасля канферэнцыі мы размаўлялі па-сяброўску. У 2019 ён прыехаў у Мінск, быў адным з арганізатараў аналагічнай канферэнцыі па вадкіх крышталях у Беларусі.
Ён расказаў, што ў Генце ёсць універсітэт, які рыхтуе спецыялістаў па вадкіх крышталях. І ёсць прадпрыемствы, на якіх можна працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта. І ад 2017 года ў мяне з’явілася мара: працаваць у Генце.
І вось Morrow у лісце запрасілі мяне на сумоўе.
— Чаму Morrow N.V. так зацікавіліся, што адшукалі спецыяліста ў Беларусі і гатовыя былі да ўсіх складанасцяў з рэлакейтам? І нават пасля 24.02.22.
— Я кандыдатка фізіка-матэматычных навук, дзесяць гадоў працую з ВК, апублікавала шэраг даследчых работ высокага навуковага ўзроўню. У публікацыях нашай навуковай групы змяшчаецца рэдкая інфармацыя пра паводзіны энергіі счаплення. Ім патрэбныя добрыя спецыялісты з досведам працы ў гэтай галіне.
У сярэдзіне сакавіка я прайшла інтэрв’ю ў Morrow N.V., і мы дамовіліся, што пагутарым яшчэ раз пасля абароны дысертацыі.
Рэлакейт — але не ў горад мары, а ў Германію з кампаніяй мужа
Тады якраз пачалася вайна.
Муж працаваў на нямецкую кампанію (PAUL Tech, спецыялізуецца на эканоміі энергарэсурсаў у прыватных дамах і кватэрах), і яму прапанавалі рэлакавацца. Было страшна і незразумела, ці будуць мабілізоўваць у нашай краіне, ці не будуць. Да таго ж кампанія згортвала бізнэс у Беларусі, таму асаблівага выбару не было.
Я паспела абараніць дысертацыю 13 мая, і нас нічога не трымала. Не было кватэры, якую было б вельмі шкада пакідаць. Гэта была магчымасць вывучыць мовы, папрацаваць на замежную кампанію, паглядзець на побыт і культуру іншай краіны.
У Германіі мы жывем у Манхайме, недалёка ад Франкфурта. Кватэра — у кіламетры ад старога горада, плошча каля 100 кв. м., 1100 еўра на месяц. Калі засяляліся, у кватэры была электрапліта, навясныя шафкі і невялікая палічка Ikea — і ўсё.
— Што падабаецца і не падабаецца ў новай краіне?
— Вельмі падабаецца інфраструктура, як уладкаваныя паркі, басейны. Тут шмат прыгожых будынкаў з ляпнінай і ажурнымі балконамі. Падабаецца, што ў невялікіх паселішчах таксама ўсе ўмовы створаныя для жыцця, ёсць такія ж супермаркеты, як у буйных гарадах, багацце прадуктаў. Добрыя дарогі ўсюды, дагледжаныя тэрыторыі і алеі, добрае злучэнне з гарадамі, шмат трамваяў, хуткасныя цягнікі. Падабаюцца мерапрыемствы, якія праходзяць у горадзе, канцэрты, выставы.
Нязвыкла пасля Беларусі хадзіць у «практыкі» замест паліклінік, запісвацца да дактароў на прыём і чакаць у чарзе месяц. Нязвыкла, калі цягнікі спазняюцца на гадзіну і больш. Нязвыкла атрымаць месца ў садзе для дзіцяці толькі на час, калі доўжыцца твая праца. Прычым школы і сады працуюць толькі да 16:30–17:00, а праца да 17:30–18:00. Нязвыкла, што ў нядзелю ўсе крамы закрытыя.
Як жыць у Германіі, а працаваць у Бельгіі — прычым у офісе
Верагодна, Morrow N.V. чакалі, пакуль мы камфортна ўладкуемся ў Германіі, пакуль шок рэлакацыі пройдзе. І 11 ліпеня запрасілі на сумоўе ў Гент.
Па дарозе туды мой цягнік зламаўся — дарога заняла 4 гадзіны замест дзвюх. Гэта было дзіўна, здавалася, што лёс кажа туды не ехаць. Але я лічу за лепшае скарыстацца ўсімі магчымасцямі, таму даехала.
Я паспяхова прайшла сумоўе з заснавальнікамі, і мне прапанавалі парт-тайм кантракт на тры дні на тыдзень (яны ведаюць, што ў мяне маленькія дзеці). У лістападзе мы атрымалі дазвол на жыхарства ў Германіі — ад гэтага моманту можна было працаваць на тэрыторыі ЕС. У снежні я нарэшце выйшла на працу.
Кожны тыдзень я ў Генце ад панядзелка да серады. У сярэдзіне тыдня прыязджаю дадому, і ў мяне яшчэ чатыры дні выходныя.
Ніколі не думала, што буду вось так жыць на дзве краіны.
— А чаму нельга працаваць аддалена з Германіі?
— Аддаленай працы як такой у іх няма: трэба працаваць на прыладах, якія знаходзяцца ў даследчай лабараторыі кампаніі. Плюс могуць узнікнуць пытанні з падаткамі.
— Ці не пярэчыла сям’я?
— Муж пайшоў мне насустрач, даў магчымасць папрацаваць там, дзе я хачу. І ў гэтым ёсць плюсы. Калі жонка працуе, у яе менш дэпрэсій, яе думкі занятыя, яна шчаслівая. І абстаноўка ў сям'і ад гэтага толькі лепшая.
— Раскажыце пра ўмовы працы.
— Умовы добрыя. Ніколі яшчэ не сустракала кампаніі, якая б так фінансава падтрымлівала сваіх супрацоўнікаў. Аплачваюць арэнду кватэры ў Генце (30 квадратаў, напрыклад, каштуюць 610 еўра), квіткі ў Гент і назад, курсы англійскай мовы. Мая выкладчыца ацаніла маю англійскую як узровень A2. Цяпер мы на B1. Праз пару месяцаў пачнем B2.
— А заробак?
— Не магу назваць праз NDA. Але калі ў сям'і чатыры чалавекі і трэба здымаць кватэру, добра апранацца, харчавацца, купляць мэблю, то даход у Германіі мае быць не меншым за чатыры тысячы еўра на месяц.
Чаму Вераніка лічыць, што «вельмі адстае ад добрага працаўніка ў Еўропе»
— Як уладкаваная праца?
— Каманда шматнацыянальная, працэсы на сусветным узроўні. Я працую інжынерам па матэрыялах — па сутнасці, радавы інжынер з даследчым ухілам. Тут шмат працы даследчага характару. Гэтая праца дазваляе выкарыстоўваць мае веды і атрымліваць новыя ў маёй галіне. Астатняга сказаць не магу праз NDA.
Я бачу, што маіх уменняў для гэтай працы недастаткова. Трэба шмат працаваць, каб дабрацца да тых навыкаў, якіх яны ад мяне чакаюць. Як і на момант паступлення ў БДУ, я была вельмі слабой.
Тут недастаткова проста пісаць артыкулы і даследаваць. Трэба ўмець камунікаваць з іншымі кампаніямі, знаходзіць прылады, неабходныя для тваёй працы, рабіць добрыя прэзентацыі, каб даходліва і хутка даць інфармацыю пра ідэю або пра тое, што зроблена. Трэба ўмець праграмаваць, у прыватнасці Python, каб аўтаматызаваць працу.
Пакуль жа я вельмі адстаю ад добрага класічнага працаўніка ў Еўропе. Тут трэба быць самастойнай адзінкай і абсалютным экспертам у сваёй галіне, прымаць рашэнні, браць адказнасць. Трошкі па-іншаму тут працуе сістэма працаўладкавання, ніж у нас.
Не скажу, што мне гэты пераход даецца лёгка. Але я атрымліваю асалоду ад магчымасці працаваць з крутымі людзьмі. Убіраю інфармацыю як губка, не выпускаю магчымасці вывучыць усё, што трэба для маёй далейшай кар’еры. Так, гэта вельмі складана, але я не скарджуся і рада гэтаму.
Вельмі хачу пачаць праграмаваць, каб быць прывабнейшай на рынку працы ў Еўропе.
Я не хачу стаць праграмістам як такім — хачу быць оптыкам-вадкакрыштальшчыкам з уменнем праграмаваць.
— Як паспяваць жыць і працаваць на дзве краіны, займацца навукай, асвойваць праграмаванне, імкнуцца быць «класічным працаўніком у Еўропе», гадаваць дваіх дзяцей?
— Калі хочаш многае паспець, даводзіцца шмат працаваць, часам на шкоду сну і нават харчаванню. У маім выпадку, калі дзеці былі маленькія, а эксперыменты на працы да дысертацыі рабіць трэба, то прыходзіла мама і дапамагала з малымі. А чарнавік дысертацыі пісаўся начамі, як і ва ўсіх жанчын-аспірантак з дзецьмі.
У Германію, на шчасце, мы з маёй роднай сястрой Маргарытай пераехалі разам. Калі я выйшла на працу, першыя некалькі месяцаў прыглядала за маёй дачкой яна, пакуль горад не вылучыў няню. Але і цяпер часам маю патрэбу ў яе падтрымцы і дапамозе.
— Горад вылучыў няню? Як гэта?
— Арганізацыя «Югендамт» — Упраўленне ў справах моладзі — дала няню бясплатна. Паводле закону тут можна разлічваць на догляд дзяцей, бацькі якіх працуюць і не могуць самастойна прыглядаць у працоўны час за дзецьмі. Звычайна дзяцей прымаюць у сады, але ў нашым горадзе свабодных месцаў у садках не знайшлося. І горад знайшоў для нас іншае рашэнне. Няні мы аплачваем толькі харчаванне (гэта каля 80 еўра на месяц).
Што змяніла вайна
— Як даследчыца і спецыялістка з беларускім пашпартам — ці адчулі вы, што стаўленне навуковай супольнасці або камерцыйных кампаній змянілася?
— Да вайны я стаўлюся негатыўна. Я маці дваіх дзяцей і ведаю, як цяжка нараджаць, гадаваць і вучыць. Мы ў 21 стагоддзі — стагоддзі тэхналогій, магутнай навукі і адукацыі. Балюча глядзець на захопніцкія войны.
Так, на пашпарт і грамадзянства безумоўна глядзяць і не хочуць узаемадзейнічаць з Беларуссю. Аднак не супраць, каб спецыяліст да іх рэлакаваўся. Выходзіць, што веды і досвед важнейшыя за грамадзянства.
У мяне рэдкая спецыяльнасць, добрых спецыялістаў у галіне вадкіх крышталяў не так шмат у Еўропе, бо асноўная маса ВК прадпрыемстваў знаходзяцца ў Кітаі, Карэі, Тайвані. Адпаведна і большасць спецыялістаў знаходзяцца там.
— Ці сумуеце па доме? Ці дапускаеце, што вернецеся?
— Па доме, вядома, сумую, і па вёсцы, і па Мінску. У кожным кутку, дзе я знаходзілася, застаўся кавалачак маёй душы. Не ведаю, як жыццё павернецца, не зазіраю далёка. Але ведаю, калі так будзе трэба, вярнуся з велізарным задавальненнем.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Спасибо, что прочитали это сообщение.
Читать на dev.by