Vision Pro ўжо ў продажы. Водгукі мяшаныя: ад захаплення да расчаравання
У ЗША пачаліся продажы Vision Pro — гарнітуры змяшанай рэальнасці. Цана прылады вар'іруецца ад $3499 да $3899. Першыя карыстальнікі хваляць распрацоўшчыкаў за нестандартныя рашэнні і якасць карцінкі, але пакуль у гаджата хапае нявырашаных тэхнічных праблем.
У ЗША пачаліся продажы Vision Pro — гарнітуры змяшанай рэальнасці. Цана прылады вар'іруецца ад $3499 да $3899. Першыя карыстальнікі хваляць распрацоўшчыкаў за нестандартныя рашэнні і якасць карцінкі, але пакуль у гаджата хапае нявырашаных тэхнічных праблем.
Vision Pro мае доўгую гісторыю: кампанія працавала над шлемам апошнія восем гадоў і ўпершыню паказала прыладу ў чэрвені мінулага года на канферэнцыі для распрацоўшчыкаў WWDC. На задумку распрацоўшчыкаў, гаджат мае сумяшчаць лічбавыя аб’екты і выяву рэальнага свету. Для прылады распрацавалі спецыяльную аперацыйную сістэму visionOS, якой можна кіраваць з дапамогай вачэй, голасу і жэстаў. Пры гэтым Vision Pro не патрэбныя дадатковыя кантролеры — важнае адрозненне ад іншых папулярных шлемаў.
Якасць карцінкі. Аглядальнікі адзначаюць вельмі высокую якасць micro-OLED дысплэяў, якія знаходзяцца ўнутры прылады. Дзякуючы ім карыстальнік можа чытаць тэкст з віртуальных экранаў і з экрана смартфона, на які ён глядзіць скрозь шлем. Журналісты адзначылі з захапленнем асаблівы досвед ад прагляду фільмаў у шлеме, хоць колераперадача пакуль далёкая ад ідэальнага адлюстравання рэальнага свету. Таксама ёсць эфект размыцця пры руху і скажэнне прамых ліній пры слабым асвятленні.
Інтэграцыя з экасістэмай Apple. Усе эксперты адзначаюць добрую інтэграцыю Vision Pro ў экасістэму праграм Apple. Пакуль кастамных праграм для шлема небагата, але карыстальнік можа працаваць у праграме для iPad, перанесці кантэнт з MacBook ці Mac і вывесці яго на вялікі віртуальны экран. Працэс наладжвання прылады інтуітыўна зразумелы і не моцна адрозніваецца ад iPhone або MacBook: прылада пераносіць усе файлы з iCloud.
Праца без кантролераў. Яшчэ адное інавацыйнае рашэнне Apple — адмова ад кантролераў. Карыстальнік можа кіраваць гаджатам з дапамогай позірку, жэсту або голасу. Для ўзаемадзеяння з аб’ектам дастаткова паглядзець на яго і пастукаць паказальным пальцам аб вялікай. Гэта робіць інтэрфейс інтуітыўна зразумелым, да чаго хутка абвыкаеш і ўжо не задумваешся, як адкрыць тое ці іншае праграма.
Тым не менш распрацоўка Apple не пазбаўленая недахопаў праз вымушаны кампраміс, паколькі пакуль кампанія не можа рэалізаваць увесь патэнцыял новай тэхналогіі. Нягледзячы на пазіцыянаванне Vision Pro як гаджата змяшанай рэальнасці, насамрэч ён не асабліва адрозніваецца ад прылад віртуальнай рэальнасці. Шлем непразрысты, а карцінка перадаецца з вонкавых камер з затрымкай у 12 мілісекунд. Карыстальнік гэтай затрымкі не адчувае — яна меншая за паказ аднаго кадра.
Малы вугал агляду. Адная праблема, характэрная для ўсіх AR/VR-прылад, — гэта вугал агляду. Apple не называе дакладных лічбаў, але па адчуваннях аглядальнікаў ён меншы, ніж у канкурэнта Quest 3 (110 градусаў па гарызанталі). Праз гэта вакол выявы ўзнікае прыкметная чорная рамка, як быццам карыстальнік глядзіць у бінокль.
Вочы на шлеме. Іншым спрэчным рашэннем з’яўляецца сістэма EyeSight, якая імітуе празрыстасць шлема і зрокавы кантакт карыстальніка з навакольнымі. OLED-экран на прыладзе дрэнна відаць пры нармальным асвятленні, а выява вачэй здаецца непраўдападобнай. У цэлым гэтая функцыя не нясе асаблівага практычнага сэнсу і толькі павялічвае кошт прадукту.
Жахлівыя аватары. Трохмерныя аватары, якія выкарыстоўваюцца для відэазванкоў, напалохалі журналістаў. Для стварэння аватараў Vision Pro скануе твар карыстальніка і рэканструюе яго ў званках, паўтараючы міміку таго, хто гаворыць. Атрыманыя асобы выглядаюць няякасна, цяпер функцыя знаходзіцца на бэта-тэсціраванні, магчыма, яе паспрабуюць палепшыць.
Набор тэксту няважны. Пры наборы тэксту ў шлеме пачынаюцца праблемы, так як позірк трэба ўтрымліваць на дробных элементах, а засваенне віртуальнай клавіятуры ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне. Нават набраць кароткі тэкст у журналістаў атрымлівалася з цяжкасцю, таму Vision Pro, хутчэй за ўсё, неабходная дакладнейшая сістэма адсочвання позірку.
У шлема асобны акумулятар вагой 353 грамы, а сама прылада важыць рэкордныя 600-650 грамаў. Напрыклад, Quest 3 важыць 515 грамаў разам з убудаванай батарэяй. Пры гэтым вага ў Vision Pro сканцэнтраваная ў пярэдняй часткі — калі насіць шлем пастаянна, можа з’явіцца пачуццё дыскамфорту і болі ў шыі. Батарэю даводзіцца зараджаць кожныя дзве-тры гадзіны, праз гэта карыстальнік можа проста стаяць каля разеткі з паўтараметровым кабелем.
Хоць гаджат уражвае прадуманасцю тэхналогій, стваральнікам Vision Pro не ўдалося пакуль зрабіць паўнавартасную гарнітуру змяшанай рэальнасці. Фактычна карыстальнік трапляе ў ізаляваную прастору, якая стварае ілюзію ўзаемадзеяння з рэальнасцю. Стратэгія трансляваць навакольную прастору з дапамогай камер можа выявіцца для распрацоўшчыкаў тупіковай.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.