«Дорага». Як дапамагатары зарабляюць на польскіх візах з новай сэлфі-верыфікацыяй
Сэлфі-верыфікацыя на сайце VFS, здаецца, зрабіла паслугі «дапамагатараў» даражэйшымі.
У чатах пішуць нават пра 2000 рублёў за «хутка і з гарантыяй».
«Без чаргі і запісу праз сайт, але кошт — ад 2000 рублёў»
У чаце лоўлі дат на польскую візу заўсёды жывое абмеркаванне хібаў: слотаў на розныя тыпы віз мала (і рэдка), з верыфікацыяй складанасці, не ўсе хочуць марнаваць на гэты час, шмат у каго «дапамагатары» за 300-500+ рублёў, але гэта таксама дапамагае не ўсім. Адзін з карыстальнікаў цікавіцца: «Ці акей, калі дапамагатар не можа запісаць 4 месяцы».
Некаторыя ў пошуках тых, хто зробіць «хутка і з гарантыяй» — мяркуючы з паведамленняў у чаце, такія таксама ёсць (дорага). Адзін з карыстальнікаў напісаў, што яму агучылі лічбу ў 2000 рублёў. Правяраць інфармацыю ён не стаў, бо яму «не патрэбна віза па такой цане».
Іван расказвае, што яму два тыдні таму ў іншым чаце рэкамендавалі чалавека, які «дапаможа за 1500+ рублёў». На той момант маладзён ужо супрацоўнічаў з іншымі «дапамагатарамі», яны выставілі рахунак у 550 рублёў за запіс — 2 месяцы ніякага выніку. Іван стаміўся чакаць, ужо гатовы быў раскашэліцца — і яму далі кантакт. Ён патэлефанаваў сваім «дапамагатарам», каб разарваць дамову.
— Але нечакана поспех: у той жа дзень яны запісалі мяне на падачу ў Гомелі (можа спалохаліся, што грошы сыдуць, і кінулі на гэта ўсе сілы). Гэта было два тыдні таму.
Віталь кажа, што пры канцы мая змог з дапамогай «дапамагатараў» запісаць на візу дзяцей — «хутка, бо дзецям не трэба праходзіць верыфікацыю».
— Па 300 рублёў за кожнага: перадаплата — 50%, астатняя сума пасля.
А вось яго жонку ўсё не могуць ніяк запісаць, «варыянту паскорыць працэс на дадзены момант няма».
Сябры Віталя падаваліся «без чаргі і запісу праз сайт, але там цана — ад 2000 рублёў, для нас гэта дорага».
— Яны скінулі «дапамагатару» фота пашпартоў і пералічылі грошы, а наступнага дня ім паведамілі дату, час і месца падачы. Ані верыфікацыі, ані талона на падачу не было.
Інструментар такога «дапамагатара» (як і факт яго існавання) не цалкам ясны: паводле слоў Віталя, яго сябры далі абяцанне «не расказваць пра яго».
«Шмат у каго расцэнкі выраслі на 150-200 рублёў»
Невялікае параўнанне паказвае, што паслугі некаторых агенцтваў сапраўды падаражэлі. 2 гады таму расцэнкі на запіс на сайце сеткі візавых цэнтраў VisaVisa (яны называюць сябе «нумарам 1 у Беларусі») складалі 500 рублёў, цяпер — ад 700 да 1050 рублёў. На сайце ёсць удакладненне, што па ніжняй мяжы плацяць тыя, хто сам рыхтуе дакументы.
На сайце агенцтва visaBy пазначаныя наступныя расцэнкі.
Абмеркаваць нюансы, напрыклад, тэрміны і гарантыю выніку, журналісту devby.io не атрымалася — у чаце на сайце супрацоўнікі агенцтва, на жаль, не адказваюць, па нумары таксама не датэлефанавацца.
Далейшы сёрфінг паказаў, што ў цэлым расцэнкі ў агенцтваў пачынаюцца ад 500 рублёў, калі запрашэнне ад працадаўцы падае кліент, і даходзяць да 800 — калі яго робіць агенцтва. Тэрміны — ад 2 тыдняў і больш.
Нашыя чытачы кажуць, што «шмат у каго, хто займаўся запісам на візы, расцэнкі выраслі на 150-200 рублёў».
Яўген сваіх «дапамагатараў» называе «праверанымі»: раней малады чалавек двойчы запісваўся з іх дапамогай на візу, прычым у дзень звароту.
— Умовы былі такімі: 50% — перадаплата, яшчэ столькі ж — пасля запісу, уся сума складала 450 рублёў. Дапамагалі з анкетай і раздрукоўкай/ксеракопіямі ўсяго, што неабходна.
На жаль, у тыя абодва разы Яўген атрымаў адмовы. Матывіроўка — сумнавядомы пункт 10, які гучыць так: «Ёсць абгрунтаваныя сумневы наконт дакладнасці зробленых вамі заяў пра мэту вашага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ў сувязі з наяўнымі доказамі або аб’ектыўнымі абставінамі, якія паказваюць на тое, што мэта паездкі можа быць іншай, чым было заяўлена». devby.io ужо пісаў, што падобныя адмовы маглі быць звязаныя з візавым скандалам.
Яўген зрабіў некалькі спроб запісацца самастойна — і зноў прыйшоў да «дапамагатараў». Даведаўся, што з увядзеннем новых правілаў верыфікацыі на сайце VFS іх паслугі падаражэлі — і каштуюць ужо 600 рублёў.
— Кожны тыдзень на сайце штосьці змянялася — і боты ад «дапамагатараў» відавочна не паспявалі за зменамі. Я бачыў свабодныя даты ў ботах — але пакуль праходзіў праз горы памылак вельмі каравага сайта, іх ужо не было.
Некалькі разоў Яўген быў блізкі да мэты — заставаўся ўсяго адзін крок, апошні, але за ім малады чалавек зноў апынаўся на старонцы ўваходу ў акаўнт.
— На мінулым тыдні — зноў новыя змены: 4 спасылкі верыфікацыі — і бан. І паколькі ўсё прывязана да нумара пашпарта, змена акаўнта нічога не дае. Лічы — яшчэ адзін тыдзень у пралёце.
Яўген кажа, што рады б неяк паскорыць працэс — «але такі варыянт не прапаноўваўся».
«Тыдзень можна самому спрабаваць — а потым даты зноў за хвіліну сыходзяць»
У чаце лоўлі дат ёсць паведамленні ад тых, каму ўдалося самастойна запісацца. Хутчэй за ўсё, большасць такіх карыстальнікаў проста не дае справаздачы ў чаце.
30 чэрвеня хтосьці падзяліўся поспехамі: «Учора свякроў запісалася сама — але я кантраляваў па фэйстайме. У мамы быў пашпарт заблочаны, але прайшло 24 гадзіны — і сёння мы пракруцілі тое ж самае. Вядома, не з першага разу».
Крыху вышэй у гэты ж дзень яшчэ паведамленне: дзяўчына запісалася на падачу ў Гомель, верыфікацыю прайшла з другога разу — а да таго было «амаль 4 месяцы спроб».
За 29 чэрвеня цэлых 8 паведамленняў ад шчасліўчыкаў, якія змаглі запісацца.
«Не без прыколаў, вядома, — дзеліцца адзін з іх. — Спачатку не прайшоў верыфікацыі, але калі паспрабаваў зноўку, з’явілася паведамленне, што яна пройдзеная. У календары не было слотаў, але я праматаў на пару месяцаў наперад і вярнуўся на ліпень — і даты з’явіліся. На этапе пацверджання запісу выскачыла памылка — я зайшоў паўторна ў акаўнт і ўбачыў, што верыфікацыя захавалася. Астатнія крокі прайшоў хутка».
1 ліпеня адзін з карыстальнікаў падсумаваў, што ў апошнюю «раздачу больш людзей самі запісаліся, чым з «дапамагатарамі». Паводле яго назіранняў, так бывае, калі распрацоўшчыкі выкочваюць на сайт абнаўленні — «тыдзень можна самому спрабаваць, а потым даты зноў за хвіліну сыходзяць».
Читать на dev.by