Улады пахваліліся, як майняць крыпту ў Брэсцкай вобласці і будуюць яшчэ адну ферму

У канцы красавіка на СТВ выйшаў сюжэт пра майнінг-ферму на Бярозаўскай ГРЭС у Белаазёрску. Яна працуе больш за два гады і ў 2024 годзе забяспечыла каля 20% ад усяго электраспажывання Брэсцкай вобласці. Пляцоўку плануецца пашыраць.

10 каментарыяў

«З моманту ўводу ў эксплуатацыю бесперабойна аб’ект спажывае вялікі аб’ём электраэнергіі. То бок магутнасць аб’екта — 105 МВт. У чым плюс для энергетыкаў? Па-першае, аб’ём спажывання, гэта раўнамернасць спажывання. Магутны начны спажывец станоўча ўплывае на баланс і на эканоміку энергасістэмы ў цэлым. Ужо ідуць запыты на тэхумовы, на дазволы развіваць гэтую пляцоўку. Будаваць яшчэ 50 МВт. І ў далейшым яшчэ 100 МВт», — распавёў дырэктар ГРЭС Андрэй Лічык.

Гэта самая буйная ў Беларусі майнінг-ферма, у якую інвеставала неназваная кітайская кампанія. Біткойны тут здабываюць дзясяткі тысяч камп’ютараў. «Дзяржава зарабляе на тым, што раней проста выцякала ў нікуды. На продажы электраэнергіі і арэндзе зямлі», — заяўляе СТВ. А кітайскі інвестар нават «аказвае матэрыяльную дапамогу», дапамагае ўпарадкоўваць горад і праводзіць святочныя мерапрыемствы.

Акрамя таго, ужо сёлета новая майнінг-ферма павінна пачаць працаваць у Крычаўскім раёне. Пра гэта тэлеканалу паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар.

«Мы зыходзілі перш за ўсё з наяўнай інфраструктуры, у тым ліку энергетычнай. Але мы таксама разумеем, што нам трэба развіваць рэгіёны. У гэтай сувязі Крычаўскі раён, які знаходзіцца на паўднёва-ўсходзе Магілёўскай вобласці, быў вызначаны невыпадкова. Мы ўжо чакаем, што да канца лета бягучага года гэты інвестыцыйны праект, аб’ёмам інвестыцый каля 190 мільёнаў рублёў, будзе рэалізаваны», — сказаў ён.

Ферма размяшчаецца ў былых цэхах «Крычаўцэментнашыфера» на плошчы 1,5 га, будуюць яе кітайскія інвестары. На ферме размесцяцца 15 тысяч камп’ютараў.

Як адзначаюць незалежныя СМІ, выгаднасць здабычы крыптавалюты моцна залежыць ад коштаў на электрычнасць, выдаткаў на ўзнагароджанне за вылічэнні (хэшпрайса) і курсу біткойна, ад коштаў на абсталяванне і яго энергаэфектыўнасці. У выпадку беларуска-кітайскіх крыптаферм усе зменныя невядомыя.

У Беларусі кошт майнінгу можа быць істотна ніжэйшы за сярэдні па свеце з-за нізкіх коштаў на электрычнасць. Пры гэтым дзейнічаюць розныя тарыфы для розных арганізацый, і для юрыдычных асоб тарыфы вышэйшыя, чым для насельніцтва. На СТВ сказалі, што майнінгавым фермам могуць даць зніжку ў 30% пры ўмове мінімальнага спажывання 15 млн кВт⋅г, але не ўдакладняюць, па якім менавіта тарыфе плацяць фермы.

Рэнтабельнасць майнінгу ў краіне пад пытаннем. Калі ўвесці ў спецыяльны калькулятар беларускія тарыфы для фізасоб, не ўлічваць кошт абсталявання і абслугоўвання, пакінуць прадвызначаныя магутнасці і спажыванне, то майніць біткойн трохі прыбыткова. Калі ўвесці прамысловы тарыф са зніжкай 30%, даходнасць таксама можа быць, але яе можа нівеляваць асноўная штомесячная плата за кілаваты магутнасці. А калі ўлічыць выдаткі на куплю і абслугоўванне абсталявання, а таксама «дапамогу» гораду ў святы, то даходнасць сумнеўная.

Пры гэтым «крыптафермерам» нібыта нават прыдумалі дадатковы заробак. Абсталяванне для майнінгу награваецца падчас працы, і гэта цяпло можна выкарыстоўваць. На СТВ кажуць, што беларусы прапануюць «крыптакацёл»: цяпло ад майнінгу перадаецца для абагравання памяшканняў з каэфіцыентам карыснага дзеяння 97%. Падобныя «крыптакатлы» ўжо даўно прадаюцца на Захадзе.

Дзяржкантроль летась вылічыў 1,5 тысячы беларусаў, якія данацілі «экстрэмістам» праз Facebook
Па тэме
Дзяржкантроль летась вылічыў 1,5 тысячы беларусаў, якія данацілі «экстрэмістам» праз Facebook
Беларуса пакараюць на $800K за крыпту
Па тэме
Беларуса пакараюць на $800K за крыпту

Читать на dev.by