Дазволу на жыхарства ў Літве могуць пазбавіць не толькі за службу па кантракце. Новыя дэталі
WG яшчэ пазмагаецца за сваіх супрацоўнікаў.
Як расказалі dev.by супрацоўнікі Wargaming, за іх калег, якім анулявалі дазволы на жыхарства ў Літве, змагаюцца юрысты кампаніі. Магчыма, рашэнне міграцыйнай службы ўдасца скасаваць.
Апавяшчэнне пра ануляванне дазволаў на працу (у гэтым кантэксце = Blue card) супрацоўнікі Wargaming атрымалі мінулага тыдня. У кампаніі падазраюць, што прычына — у службе ў войску па кантракце. У сувязі з гэтым адміністрацыя просіць супрацоўнікаў, якія мелі досвед кантрактнай службы або некалі працавалі ў ваенпраме, паведаміць пра гэта ў HR-аддзел.
Між тым, чытачам dev.by вядома і пра іншыя выпадкі анулявання дазволаў за сувязь з «ваенкай».
— Я маю знаёмага, былога епамаўца, у якога адабралі дазвол праз вайсковую адукацыю, — расказала чытачка dev.by. — У ягоным выпадку гэта вельмі ўдала супала з тым, што ён збіраўся вяртацца ў Расію, таму ануляванне не зрабіла занадта «балюча». Што праўда, гэта пацягнула ўслед забарону на ўезд у ЕС на 5 гадоў, і вось гэта ўжо было непрыемна.
Знаю яшчэ два кейсы: гэта звычайныя беларусы, якія працавалі ў Літве на простых працах — таксістам і кімсьці накшталт будаўніка/электрыка. Пры гэтым таксіст жыў у Літве ўжо каля 3 гадоў. У абодвух анулявалі дазволы праз службу па кантракце. Адзін з іх змог выйграць суд, і рашэнне аб ануляванні скасавалі. Чым скончылася другая гісторыя, не ведаю.
Нашая чытачка мяркуе, што звесткі пра сувязь з войскам або «ваенкай» службы бяспекі бяруць з анкет замежнікаў. Маўляў, раней на гэтыя звесткі заплюшчвалі вочы, а цяпер абставіны змяніліся.
— Знаёмы экс-епамавец вайсковую адукацыю сам пазначыў у анкеце, якую запаўняў пры падачы паўтара года таму. Тады гэта не было падставай для адмовы. А многія супрацоўнікі Wargaming пераехалі ў Вільню нашмат раней. Відаць, памяняліся абставіны, і анкеты сталі пераглядаць.
Wanted. Калі вы або вашы знаёмыя сутыкнуліся з ануляваннем дазволу на жыхарства ў Літве, пішыце ў @devby_insight_bot, гэта ананімна.
Читать на dev.by