Ваенныя ў Беларусі цяпер могуць канфіскаваць аўтамабілі, узятыя ў лізінг. І ў юрасоб, і ў грамадзян

Вайскоўцы ў Беларусі атрымалі права канфіскоўваць аўтамабілі, узятыя ў лізінг арганізацыямі і фізічнымі асобамі.

3 каментарыя

Новую рэдакцыю указа аб ваенна-транспартным абавязку 18 ліпеня 2025 года падпісаў Аляксандр Лукашэнка, звярнула ўвагу выданне «Беларусы і рынак».

У адпаведнасці з новымі нормамі, прадстаўляць аўтамабілі і іншыя транспартныя сродкі для патрэб Узброеных сіл РБ абавязаны дзяржаўныя органы, арганізацыі (незалежна ад формаў іх уласнасці) і грамадзяне Беларусі, якія ўзялі тэхніку ў лізінг. Такі ваенна-транспартны абавязак не распаўсюджваецца толькі на дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы замежных дзяржаў, замежныя і міжнародныя арганізацыі, а таксама на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

Норма дзейнічае ў перыяд мабілізацыі і ў ваенны час.

Нагадаем, што лізінг становіцца ўсё больш папулярным у Беларусі. Так, у першай палове 2024 года сума ўгод з лізінгам транспарту падвоілася ў параўнанні са студзенем-чэрвенем 2023 года і дасягнула 1,6 млрд рублёў. Беларусы і беларускія арганізацыі ўзялі ў лізінг за гэты перыяд 1904 грузавікі і 14 351 легкавы аўтамабіль. Гэта звязана ў тым ліку і з тым, што стаўкі па прадуктах фінансавага лізінгу часта былі ніжэйшыя, чым у банкаўскім рознічным аўтакрэдытаванні.


Читать на dev.by