Вымыла інавацыі, затое і «токсікаў» таксама? Што з ІТ-кадрамі ў Беларусі і свеце
З добрага: кандыдаты сталі шчыра цікавіцца даменам, і наогул раптам «усе коцікі нетаксічныя».
Айцішнікі сведчаць: працу знайсці складана не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. А што кажуць пра стан рынку працадаўцы і рэкруцёры? Якія пазіцыі цяпер у дэфіцыце/прафіцыце, якія кампетэнцыі страчаныя з ад’ездам сеньёраў і прадуктовых бізнэсаў, ці рынак адкочваецца да бадзішопаў 2000-х, ці трансфармуецца ў штосьці іншае?
Сабралі колькі меркаванняў.
У Беларусі ўсё складана
«Крызіс выраўноўвае перакосы»
Заснавальнік сэрвіснай кампаніі (офіс распрацоўкі ў Мінску):
— У нашым сегменце (трэвел) не назіралася буйнога росту ў перыяд кавіду (рост быў, але не буйны — у межах «дакавіду»). Адпаведна ў посткавід не назіраецца спаду, хутчэй, паскорыўся рост.
На рынку працы сапраўды прапанова перавышае попыт на таленты: на вакансію адгукаецца ў 2-3 разы больш кандыдатаў, ніж 6-9 месяцаў таму. Пры гэтым многія кандыдаты ўжо па 2-3 месяцы знаходзяцца ў пошуку.
Падзялюся суб’ектыўным назіраннем. Я інтэрв’юірую кандыдатаў на апошніх стадыях, да мяне даходзяць толькі тыя, каго грунтоўна прасеялі, але вось з апошніх маіх адчуванняў: стала больш людзей, якія паказваюць шчырую зацікаўленасць разабрацца ў бізнэс-дамене.
Раней гэта было рэдкасцю, так як гарачы рынак працы дазваляў не ўнікаць асабліва ў дэталі бізнэсу кампаніі/праекта.
«Упускаць у душу» бізнэс-даменныя праблемы было вышэй за годнасць многіх кандыдатаў. Маўляў, мая справа кодзіць, а бізнэс-аналітыкі растлумачаць. Гэтае стаўленне змянілася. Крызіс выраўноўвае такія перакосы.
Нашая кампанія наймае глабальна, таму недахопу кадраў не назіраем. На вакансіі, якія можна закрыць у Беларусі, кандыдатаў стала больш, ёсць з чаго выбраць. Што тычыцца рэйтаў, не чуў ад продажаў/акаўнтаў нічога пра іх зніжэнне. Мы паднялі рэйты ў апошнія год-паўтара. І не зніжалі.
«Няма попыту — няма і дэфіцыту»
ІТ-рэкруцёр, кіраўнік рэкрутынгавай кампаніі:
— У сувязі з ад’ездам кадраў страчаныя перш за ўсё кампетэнцыі, звязаныя з інавацыямі. Цягнем на тым, што дагэтуль назапасілі.
Пры гэтым я не бачу дэфіцыту кадраў наогул. Няма попыту, значыць, няма і дэфіцыту. Безумоўна, нейкае найманне яшчэ засталося ў Беларусі. Але яно закрываецца людзьмі з рынку досыць хутка. А аўтсорсу хапае і сваіх людзей з бэнчу.
Джунам складаней за ўсё: ані пераехаць, ані набрацца досведу ў краіне. І яшчэ канвеер курсаў малоціць безупынна, абяцаючы светлую будучыню. Вельмі шмат анлайну, шмат расійскіх школ. Курсы «ўвайсці ў IT» цяпер самы верны спосаб выманьвання грошай у даверлівых людзей.
Можна памеркаваць, што ІТ-бізнэс, які застаецца ў Беларусі, будзе дрэйфаваць у бок РФ, Азіі і Блізкага Усходу. Але там вельмі моцная канкурэнцыя з боку Індыі.
«Зп у доўгатэрміновай перспектыве будуць падаць»
ІТ-рэкруцёр:
— Ёсць адчуванне, што джуніяраў на рынку шмат і знайсці працу ім складана. Сеньёры з добрай/нармальнай англійскай з’ехалі.
З хвалямі рэлакейту з ІТ у Беларусі вымыла перш за ўсё ўменне будаваць прадукты, прадуктовы віжн, разуменне таго, як працуе рынак. Што праўда, праз спецыфіку рынку СНД многіх нашым спецыялістам і раней не хапала разумення прадукту, навошта ён робіцца і якія праблемы спажыўца вырашае.
Зп, верагодна, і ў доўгатэрміновай перспектыве будуць падаць. Мне здаецца, цяпер адбываецца глабальная трансфармацыя сусветнага ІТ-рынку. Да чаго яна прывядзе, складана сказаць.
Але і па-за межамі РБ не прасцей
Перакос рынку ІТ-кадраў у бок прапановы — ужо агульнае месца. Прычым па ўсім свеце. Вось як абмалявала сітуацыю ў глабальным ІТ Ірына Вішнеўская.
— Затое ўсе кандыдаты адразу такія коцікі нетаксічныя, так? — усміхаецца ў каментарах хтосьці з айцішнікаў.
А яшчэ з тэндэнцый апошняга часу — шмат праектаў у галіне ментарства. Напрыклад, вось праект ад беларускіх намадаў. Або вось яшчэ. Spark VC збіраецца закрываць дэфіцыт рынку ў даменных экспертах. Нават Павел Вейнік запусціў праграму ментарынгу. Што гэта — крызіс у прафесійным развіцці, калі ўсе хочуць кансультацыю з боку? Ці парады патрэбныя ў сувязі са зменай рынку? Задалі гэтае пытанне таксама.
Вось аптымістычнае меркаванне ўладальніка ІТ-кампаніі:
— Некалі распрацоўшчыку было дастаткова ў людным месцы шэптам сказаць пару technology keywords, каб атрымаць пачак офераў. Здаецца, гэтыя часы прайшлі. Цяпер, каб атрымаць добры офер, трэба паказаць сябе на інтэрв’ю (і потым на працы) з найлепшага боку. А гэта таксама скілы, якія якраз ментары і развіваюць.
А вось не вельмі, ад ІТ-рэкруцёра:
— Песімістычна тлумачу гэта адсутнасцю нармальнай працы.
Выдаткуйце яшчэ 15 секунд, калі ласка.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by