Вынеслі прысуд айцішніку, якога затрымалі пасля дыверсіі ў Мачулішчах
Стаў вядомы прысуд айцішніку Змітру Маставому, якога затрымалі пасля дыверсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах у лютым гэтага года. Паводле інфармацыі медыя, айцішнік атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі за «здраду дзяржаве».
Заўтра Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю на прысуд. Пасяджэнне пройдзе ў закрытым рэжыме.
Што адбылося
Раніцай 26 лютага на вайсковым аэрадроме «Мачулішчы» прагрымелі выбухі. Медыя пісалі пра атакі беспілотнікаў на расійскі самалёт-выведнік А-50, учыненыя «беларускімі партызанамі». Афіцыйных пацверджанняў нападу доўга не было, але адразу ж быў узмоцнены кантроль на беларуска-польскай мяжы.
Праз некалькі дзён з’явіліся паведамленні, што пашкоджаны самалёт паляцеў на рамонт у Расію. Лукашэнка паабяцаў «жэстачайшую зачыстку». Пазней стала вядома пра затрыманні тых, хто нібыта быў датычны да дыверсіі. Аб затрыманні айцішніка Змітра Маставога стала вядома з сюжэту дзяржканала АНТ. Аўтары сцвярджалі, што ён нібыта арганізаваў анлайн-трансляцыю пасадкі вайсковых самалётаў на аэрадром «Мачулішчы».
Айцішніку выставілі абвінавачванне па двух артыкулах: «Здрада дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК РБ) і «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 364-1 КК РБ). Крымінальную справу разглядаў Брэсцкі абласны суд. Айцішніку пагражала да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Читать на dev.by