Выпускнікі інжынерных класаў змогуць паступіць без іспытаў на адну спецыяльнасць у БДУІР
Выпускнікі інжынерных класаў сёлета змогуць паступіць у БДУІР без уступных выпрабаванняў на спецыяльнасць «інжынерна-педагагічная дзейнасць». Пра гэта заявіў рэктар БДУІР Вадзім Богуш, паведамляе БЕЛТА.
— Інжынерная прафесія — гэта вельмі шырокі спектр. У нас сёлета толькі па адной спецыяльнасці ёсць ільгота для выпускнікоў інжынерных класаў. Прычым на спецыяльнасць «інжынерна-педагагічная дзейнасць» маюць ільготы для паступлення выпускнікі двух профільных класаў — педагагічных і інжынерных. На ўсе астатнія спецыяльнасці па такой траекторыі выпускнікі інжынерных класаў паступіць не змогуць, — распавёў Богуш.
Рэктар БДУІР не ўдакладніў крытэрыі адбору выпускнікоў сёлета. У мінулым годзе на спецыяльнасць «інжынерна-педагагічная дзейнасць» без экзаменаў маглі паступіць выпускнікі школ і каледжаў, якія атрымалі залаты або сярэбраны медаль (дыплом з адзнакай).
Паводле слоў Богуша, у гэтым годзе ўніверсітэт запускае амбіцыйны праект, звязаны з інжынернымі класамі па мікраэлектроніцы.
— Мы будзем рэалізоўваць яго ў сеткавай форме разам з некалькімі сталічнымі школамі з выкарыстаннем нашай навучальнай базы. Таксама мы абмеркавалі гэтае пытанне з «Інтэгралам», таму, сярод іншага, будзем выкарыстоўваць прадпрыемства як прафарыентацыйную і адукацыйную пляцоўку, — паведаміў Богуш.
Калі эксперыментальны праект пакажа сябе паспяховым, з’явяцца інжынерныя класы, якія будуць мець выразную профільную накіраванасць, звязаную з развіццём мікраэлектронікі, дадаў рэктар БДУІР.
Читать на dev.by